Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 68

Леў Мікалаевіч Талстой

Толькі паспелі яны пагаманіць, чэрці ўжо назад едуць з парожнім возам. Андрэй развітаўся са старым царом, узяў у чарцей царскага дарадцу, і пайшлі яны назад.

Прыходзяць у сваё царства і з'яўляюцца ў палац. Цар убачыў стралка і са злосці накінуўся на яго:

— Як ты пасмеў назад вярнуцца?

Андрэй-стралок адказвае:

— Так і так, быў я на тым свеце ў вашага нябожчыка бацькі. Жыве ён кепска, загадаў вам кланяцца ды моцна-моцна наказваў людзей не крыўдзіць.

— А чым дакажаш, што хадзіў на той свет і майго бацьку бачыў?

— А тым я дакажу, што ў вашага дарадцы на спіне. I цяпер яшчэ сінякі відаць, як яго чэрці дубінкамі паганялі.

Тут цар пераканаўся, нічога не зробіш — адпусціў Андрэя дадому. А сам кажа дарадцу:

— Прыдумай, як звесці са свету стралка, а не, дык мой меч—твая галава з плеч.

Пайшоў царскі дарадца, яшчэ ніжэй нос звесіў. Заходзіць у карчму, сеў за стол, папрасіў віна. Падбягае да яго карчомны выпівоха:

— Чаго, царскі дарадца, зажурыўся? Паднясі мне шкляначку, я табе што-небудзь падкажу.

Дарадца паднёс яму шкляначку віна і расказаў пра сваю бяду. Карчомны выпівоха яму гаворыць:

— Вярніся назад і скажы цару, каб задаў ён стралку вось якую службу — яе не тое што выканаць, цяжка нават выдумаць: няхай пашле яго за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства раздабыць ката-баюна.

Царскі дарадца пабег да цара і расказаў, якую службу задаць стралку, каб ён назад не вярнуўся. Цар пасылае па Андрэя:

— Ну, Андрэй, саслужыў ты мне службу, саслужы другую: ідзі ў трыдзесятае царства і раздабудзь мне ката-баюна. А не, дык мой меч — твая галава з плеч.

Пайшоў Андрэй дадому, ніжэй плячэй галаву звесіў і расказвае жонцы, якую цар задаў яму службу.

— Ёсць аб чым журыцца!—Мар'я-царэўна кажа.— Гэта не служба, а службачка, служба будзе наперадзе. Кладзіся спаць, раніца за вечар мудрэйшая.

Андрэй лёг спаць, а Мар'я-царэўна пайшла ў кузню і загадала кавалям выкаваць тры каўпакі жалезныя, жалезныя клешчы і тры пруты: адзін жалезны, другі медны, трэці алавяны.

Назаўтра раненька Мар'я-царэўна пабудзіла Андрэя:

— Вось табе тры каўпакі ды клешчы і тры пруты, ідзі за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства. Трох вёрст не дойдзеш, пачне цябе моцна на сон хіліць — кот-баюн на цябе дрымоту напусціць. Ты не спі, рукамі махай, нагамі перабірай, а дзе і бокам каціся. Бо калі заснеш, кот-баюн заб'е цябе.

I тут Map'я-царэўна навучыла яго, як і што рабіць, і адпусціла ў дарогу.

Хутка казка расказваецца, ды не хутка ўсё робіцца — прыйшоў Андрэй-стралок у трыдзесятае царства. За тры вярсты пачаў яго адольваць сон. Надзявае Андрэй на галаву тры жалезныя каўпакі, рукамі махае, нагамі перабірае — ідзе, а дзе і бокам коціцца.

Сяк-так адолеў дрымоту і апынуўся каля высокага слупа.

Кот-баюн убачыў Андрэя, забурчаў, завуркатаў ды са слупа скок яму на галаву! Адзін каўпак разбіў і другі разбіў, узяўся быў за трэці. Тут Андрэй-стралок. схапіў ката клешчамі, сцягнуў на зямлю і давай прутамі лупцаваць. Спачатку біў жалезным прутом, зламаў жалезны, узяўся частаваць медным, і гэты зламаў і ўзяўся біць алавяным.