Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 31

Леў Мікалаевіч Талстой

— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —

сякера, насячы дроў ды сушэйшых, а вы, дровы, самі валіцеся ў сані, самі вяжыцеся...

Сякера пачала сячы, калоць сухія дрэвы, а дровы самі ў сані валяцца і вяроўкай вяжуцца. Потым Ямеля загадаў сякеры высеч яму дубінку — такую, каб насілу падняць. Сеў на воз:

— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —

едзьце, сані, дадому...

Сані памчаліся дадому. Зноў едзе Ямеля праз той горад, дзе нядаўна пазбіваў ды падушыў многа народу, а там яго ўжо чакаюць. Схапілі Ямелю і цягнуць з воза, лаюць і б'юць.

Бачыць ён, што кепскія справы, і ціхенька:

— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —

ану, дубінка, палічы ім рэбры...

Дубінка выскачыла — і давай малаціць. Народ кінуўся наўцёкі, а Ямеля прыехаў дадому і залез на печ.

Многа часу прайшло ці не — пачуў цар, якія штукі Ямеля вытварае, і пасылае па яго афіцэра: знайсці Ямелю і прывезці ў палац.

Прыязджае афіцэр у тую вёску, заходзіць у тую хату, дзе Ямеля жыве, і пытаецца:

— Ты дурань Ямеля?

А ён з печы:

— А табе што?

— Апранайся хутчэй, я павязу цябе да цара.

— А мне не хочацца...

Раззлаваўся афіцэр і плясь яго па шчацэ.

А Ямеля кажа ціхенька:

— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —

дубінка, палічы яму рэбры...

Дубінка выскачыла — і давай малаціць афіцэра, ледзьве ён уцёк.

Цар здзівіўся, што яго афіцэр не мог справіцца з Ямелем, і пасылае свайго самага галоўнага вяльможу:

— Прывязі да мяне ў палац дурня Ямелю, а то галаву з плеч здыму.

Накупляў самы галоўны вяльможа разынак, чарнасліву, пернікаў, прыехаў у тую вёску, зайшоў у тую хату і пачаў пытаць у братавых, што любіць Ямеля.

— Наш Ямеля любіць, калі яго ласкава папросяць ды чырвоны каптан паабяцаюць падарыць,— тады ён усё зробіць, што ні папросіш.

Самы галоўны вяльможа даў Ямелю разынак, чарнасліву, пернікаў і кажа:

— Ямеля, Ямеля, што ты ляжыш на печы? Паедзем да цара.

— Мне і тут цёпла...

— Ямеля, Ямеля, у цара цябе будуць добра карміць-паіць — калі ласка, паедзем!

— А мне не хочацца...

— Ямеля, Ямеля, цар табе чырвоны каптан падарыць, Шапку і боты.

Ямеля падумаў-падумаў:

— Ну добра, едзь ты ўперад, а я за табою следам.

Паехаў вяльможа, а Ямеля паляжаў яшчэ і кажа:

— Па шчупаковаму Казанню, Па майму жаданню —

ану, печ, едзь да цара...

Тут у хаце вуглы затрашчалі, страха захісталася, сцяна вылецела. і печ сама пайшла па вуліцы, па дарозе, проста да цара.

Цар глядзіць у акно, дзівіцца:

— Гэга што за цуд?

Самы галоўны вяльможа адказвае яму:

— А гэта Ямеля на печы да цябе едзе.

Выйшаў цар на ганак:

Нешта, Ямеля, на цябе многа скаргаў! Ты многа народу падушыў.

— А чаго яны пад сані лезлі?

У гэты час праз акно на яго глядзела царская дачка — Мар’я-царэўна. Ямеля ўбачыў яе ў акенцы і кажа ціхенька:

— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —

няхай царская дачка мяне пакахае...

I сказаў яшчэ:

— Ідзі, печ, дадому...

Печ павярнулася і пайшла дадому, увайшла ў хату і стала на сваё месца. Ямеля зноў ляжыць-палежвае.