Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 27

Леў Мікалаевіч Талстой

Дзяўчынка сядзіць ні жывая ні мёртвая, плача, а мышка ёй зноў:

— Не чакай бяды, бяры браціка ды ўцякай, а я за цябе кудзелю папраду.

Дзяўчынка ўзяла браціка і пабегла. А баба-яга падыдзе да акенца і пытаецца:

— Ты прадзеш там, малая?

Мышка ёй адказвае:

— Праду, бабулька...

Баба-яга лазню нагрэла і пайшла па дзяўчынку. А ў хатцы няма нікога. Баба-яга закрычала:

— Гусі-лебедзі, ляціце даганяць! Сястра з братам уцякла!..

Сястра з брацікам дабегла да малочнай ракі. Бачыць — ляцяць гусі-лебедзі.

— Рэчка, матухна, схавай мяне!

— Паспытай майго простага кісяльку.

Дзяўчынка паспытала і дзякуй сказала. Рака схавала

яе пад кісельным беражком.

Гусі-лебедзі не ўбачылі, праляцелі міма.

Дзяўчынка з братам зноў пабегла. А гусі-лебедзі вярнуліся, ляцяць насустрач, вось-вось убачаць. Што рабіць? Бяда! Стаіць яблыня...

— Яблыня, матухна, схавай мяне!

— З'еш мой лясны яблычак.

Дзяўчынка хуценька з'ела і дзякуй сказала. Яблыня яе засланіла сваімі галінкамі, прыкрыла лісцікамі...

Гусі-лебедзі не ўбачылі, праляцелі міма.

Дзяўчынка зноў пабегла. Бяжыць, бяжыць, ужо недалёка засталося. Тут гусі-лебедзі ўбачылі яе, загагакалі — налятаюць, крыламі б’юць, браціка з рук вырываюць.

Дабегла дзяўчынка да печы:

— Печка, матухна, схавай мяне!

— З'еш мой жытні піражок.

Дзяўчынка хутчэй — піражок у рот, а сама з братам — у печ, села і сядзіць.

Гусі-лебедзі паляталі-паляталі, пакрычалі-пакрычалі і ні з чым паляцелі да бабы-ягі.

Дзяўчынка сказала печы дзякуй і разам з брацікам прыбегла дадому.

А тут і маці з бацькам з работы прыйшлі.

ДАЧКА І ПАДЧАРКА

Жыў дзед з бабаю, і была ў іх дачка. Вось баба памерла, а дзед пачакаў крыху ды ажаніўся з удавою, у якой была свая дачка. Кепска стала жыць дзедавай дачцэ. Мачыха была ненавісніца, поедам есць дзеда:

— Вязі сваю дачку ў лес, у зямлянку, там яна больш напрадзе.

Няма ніякай рады са старою! Паслухаўся дзед бабы — завёз дачку ў зямлянку, даў ёй крэмень, крэсіва ды мяшэчак круп і кажа:

— Вось табе агеньчык; агеньчык не зводзь, кашу вары, а сама не спі — сядзі ды прадзі.

Надышла ноч. Краса дзяўчына запаліла ў печы, згатавала кашу; ні адсюль ні адтуль мышка — кажа:

— Дзяўчына, дзяўчына! Дай мне лыжачку кашкі!

— Ой, мая мышка! Разгані маю тугу-нуду — я табе дам не адну лыжку, а ўволю накармлю.

Наелася мышка і пайшла. Ноччу ўламаўся мядзведзь.

— Ану, дзяўчо, гасі агонь ды давай у жмуркі гуляць.

Мышка ўскарабкалася на плячо дзедавай дачцэ і шэпча ёй на вушка:

— Не бойся, дзеўчына! Скажы: давай! Пагасі агонь ды ў падпечак лезь, а я за цябе буду бегаць і званочкам званіць.

Так усё і сталася. Ганяецца мядзведзь за мышкаю — ніяк не зловіць. Пачаў раўці ды паленамі кідаць. Кідаў-кідаў, ні разу не пацэліў, стаміўся і сказаў:

— Малайчына ты, дзяўчына, у жмуркі добра гуляеш! За гэта прышлю табе раніцай табун коней і воз серабра.

Назаўтра раніцай кажа баба:

— Едзь, стары, праведай дачку, колькі там напрала яна за ноч.

Паехаў дзед, а баба сядзіць ды чакае: калі гэта ён свае дачкі костачкі прывязе.

Надышоў час дзед у вяртацца, а сабака:

— Цяў-цяў-цяў! З дзедам дачка едзе, табун коней гоніць, воз серабра вязе.