Читать «ДзесяцЬ Бітвау» онлайн - страница 15

Міхась Чарняўскі

У студзені наступнага 1564 года маскоўцы распачалі новую вайсковую кампанію. Дзве варожыя арміі — з боку Полацка (25 – 30 тысяч) і з-пад Смаленска (каля 50 тысяч) — павінны былі злучыцца на Аршаншчыне і затым ісці на Менск, Наваградак і на самую сталіцу нашай дзяржавы — Вільню.

Полацкая групоўка маскоўцаў рухалася па левабярэжжы Вулы, выцягнуўшыся па заснежаным шляху. На чале яе быў князь Пётр Шуйскі, які да гэтага праславіўся перамогамі ў Прыбалтыцы. Вялікі гетман Мікалай Радзівіл Руды і палявы гетман Рыгор Хадкевіч, маючы пад рукой трохі больш як 4 тысячы вершнікаў, а таксама невялікую колькасць казакоў і ўзброеных сялян, намерыліся перашкодзіць небяспечнаму злучэнню праціўніка.

Нашае войска было малалікае, але вопытнае і загартаванае ў паходах. Сярод камандзіраў вылучаліся такія слаўныя ваяры, як пляменнік палявога гетмана Ян Хадкевіч, князь Багдан Саламярэцкі, Раман Сангушка, Богуш Карэцкі, Мікалай Сапега, Юрай Зяновіч, Юрай Тышкевіч — усе з славутых беларускіх родаў.

Ведаючы праз выведку аб перамяшчэнні Шуйскага, увечары 26 студзеня 1564 года Мікалай Радзівіл прыхаваў ад вачэй праціўніка галоўныя сілы і невялікім загонам атакаваў маскоўскі авангард. Беларусы ўвязаліся ў сечу, а затым пачалі адступаць, завабліваючы за сабой самаўпэўненага праціўніка. Гэтым адкрылася прастора для кідка масы конніцы на самую калону, якая ўжо падцягвалася да вёскі Іванск каля Чашнікаў. Маскоўцы, мабыць, рыхтаваліся стаць лагерам, бо ішлі спакойна, зброю везлі на санях, не чакалі небяспекі.

З'яўленне ж радзівілаўцаў было як гром сярод зімовай цішы. Лава вершнікаў з дзідамі і шаблямі абрынулася на акупантаў так імкліва і нястрымна, што тыя не ведалі, як ратавацца. Ім не было калі ні станавіцца ў баявыя парадкі, ні хапацца за зброю, каб бараніцца. Заставалася толькі панічна кінуцца наўцёкі.

I цэлую светлую месячную ноч вершнікі, як пісаў тагачасны гісторык, «секлі маскалёў», не даючы ім апамятацца, знішчаючы ўцекачоў, заганяючы на тонкі рачны лёд.

Да Полацка дамкнула толькі 5 тысяч маскоўцаў, «і то параненых».

Рэшта на шмат кіламетраў уздоўж Вулы лягла на снег, некалькі тысяч утапіліся ў ледзяной рачной вадзе. Невялікая частка трапіла ў палон. Пад сякерай мясцовага селяніна скончыў жыццё сам няўдаліца Шуйскі. Паводле іншых звестак, яго знайшлі з прабітай стралою галавой у калодзежы. Засталіся на пабаявішчы Шарамеццевы, Празароўскі ды іншыя маскоўскія ваяводы, князі, вяльможныя баяры. Імёнаў жа простых ратнікаў ніхто і не ўспамінаў. Яшчэ праз 20 гадоў пасля бітвы падарожнікі бачылі пад Іванскам мноства касцей палеглых маскоўцаў.

З беларускага ж боку, як сведчыла данясенне нашых гетманаў, загінула не больш як 20 ваяроў! Параненых было каля 700. У руках пераможцаў апынуўся і ўвесь велізарны абоз праціўніка, артылерыя, мноства коней.

Такім вось славутым чынам было цалкам скончана з полацкай групоўкай царскіх войскаў. Заставалася смаленская, значна болыпая, якую вёў князь Пётр Абаленскі-Сярэбраны.