Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 91

Янка Купала

За чаркай

Ну, што сумен там ты, мой дзяцюк малады! Давай чарку на стол, — вот і ўся тут бяда! Кінь драмаць і ўздыхаць, уздыхні лепш тады, Як ці жыць, ці ўміраць будзе ўжо не наўда! Груканём, стуканём чарка ў чарку, як сьлед, — Бач, і стане душа паланеці агнём; Весялей і сьмялей глянуць вочы на сьвет, Весялей і сьмялей пойдзе ўсё хадуном. Ты бядуеш адно, што жыць кепска табе; Плюнь на тое, што кепска, што лепей — шукай! Як вужака, калісь і я віўся ў жальбе; Глянь сягоньня ўсё роўна — ці пекла, ці рай. А было, ой, было, як малінка жыцьцё: Быў шчасьліў, песьні пеў, на ўсё птушкай глядзеў… Калі хочаш, скажу, раскажу табе ўсё… Дай вось чарку, а то ўжо язык прымадзеў. Як напэўна спазнаў, дагадаўся і ты, Празь дзяўчынку пайшло, а нялёгка пайшло. Маладыя былі, шмат было дурнаты; Дваццаць першы мне йшоў, ёй семнаццаць было. Па суседству жыла, звалі Еўкай яе, Даспадобы была як і мне, так і ўсім. Ці глядзіць на цябе, ці то песьню пяе, — Не было ёй раўні ні у гэтым, ні ў чым. Падабалася мне лепш, як сам я сабе; Неспакой мучыў днём, ночкай сон уцякаў; Ці ішоў за сахой, ці пацеў у касьбе, — Павідаці яе, як збаўленьня, чакаў. Не скажу, каб мяне адганяла яна: Ёй па сэрцы я быў, як яна для мяне. І часіна ўцякла удваіх не адна, І цяпер гэты час маю ў сэрцы на дне. На кірмашы хадзіў зь ёю разам ня раз, І гасьцінцы купляў, і ў садочку гуляў; Ненаглядку маю я галубіў падчас, Абнімаў, цалаваў, думкі ёй асьмяляў. А матуля мая (рай нябескі ўжо ёй) Так любіла яе, як бы родну дачку: Ўсё чакала, назаву я сваёй, — Калі Еўку сваю павяду у царкву. Дый адна злыбяда мой сушыла папар: Прызыў мне, як пятля, ўжо на шыі вісеў… Брату выйшлі гады, бацька жыў і ня стар, Я сам дуж і здароў, — значыць, льготы ня меў. Што рабіць у такім тут жыцьці, беспуцьці — Выйсьці цэлым зь пятлі, не палезьці наўрад: Ці жаніцца цяпер і ў салдаты ісьці, Ці жаніцца тады, як вярнуся з салдат?.. Варажыў, разважаў сам адзін і зь людзьмі: Еўка кажа, што ёй можна гэтак і так; Маці кажа: цяпер ажаніся вазьмі; Бацька раіць — пасьля, бо мо' здарыцца ўсяк. Адлажыў напасьля, адлажыў наўсяды… Хутка восень прыйшла, і на прызыў у Шклоў Татка з хаты павёз. Там пайшло безь бяды: Папрашчацца дзядзькі адпусьцілі дамоў. Мо' і год не мінуў, як шынэль я надзеў, — З дому вестку дастаў, што матуля ўмярла; Сьлёзы хлынулі мне, прост, на сьвет не глядзеў; Жаль яшчэ і цяпер — недакучнай была… У паходзе былі, і прыехаць ня мог Доўг апошні, хаўтурны, радзімай аддаць; I пасьля, да канца маёй службы, ўжо Бог Хоць магілкі яе не судзіў аглядаць. Ну, аб Еўцы чаму — ты спытаеш — маўчу? От, пісалі, што жыва, здарова, і ўсё… Верыў гэтаму я і снаваў ўціхачу Думкі, як гэта мы зь ёй устроім жыцьцё. Хоць далёка стаяў, а любіў, ўспамінаў I ахвоты ня меў да другіх да дзяўчат: Ёй адной пісьмы слаў і спакою ня знаў, — Ўсё чакаў таго дня, калі пусьцяць з салдат. Так сышло колькі год, аж нарэшце і срок Маёй службы прыйшоў — адпусьцілі зусім. Я вярнуўся, і што ж? Э, мой мілы браток! — Была замужам Еўка за бацькам маім. Што прыйшло ў галаву за старога пайсьці — Над адгадкай такой думак я не ламаў: Сіратою была, а у простым жыцьці, Хто пасватаўся перш, той і верх атрымаў. Сам згадаеш, што я перажыў у той час, — Колькі ў роднай хаціне паспытываў мук. Чаму лепш не ўзяла сьмерць каторага з нас? Хлебам хлеб ня быў мне, ўсё валілася з рук. А яна — ўжо пры мне — ўсё хмурней з кожным днём… Дзе шчасьлівы той сьмех, дзе вясёлы паглёд? Часам разам няўзнак — я, яна уздыхнём, Ды я ў поле барзджэй, а яна — ў агарод. Так праходзілі дні ў злыбядзе, а яна — Наша мачыха ўжо — бачу, тае ў вачах; Бацька хмур, не глядзіць і маўчыць, як сьцяна; Ношку добрую нёс, знаць, і ён на плячах. Год, ня болей, прайшло нам такога жыцьця… Як казалі ў сяле — нехта кінуў урок… На душы дзьве паменшыла наша сям'я: Еўку Бог к сабе ўзяў, я сюды з хаты ўцёк. Гэтак сьпятрала мне доля-байка навек; Хатай стаў мне шынок, а сьвет цэлы — турмой. Змарнаваў за нішто сам сябе чалавек. Празь няўлад праўды ў нас, праз паглёд мілы той.