Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 90

Янка Купала

Чатыры крыжы

Як Лявон прашчаўся з хатай,          Як стаў ў сьвет зьбірацца, Пакланіўся маме, тату          I Прачыстай Матцы. Пакланіўся, памаліўся,          Выплеўся за вёску. На мяжу, як сноп, зваліўся          Пад крывой бярозкай. Паліліся самі сьлёзы,          Хоць даўно ня плакаў… Ўстаў, пайшоў, як не цьвярозы,          Далей, небарака. Смольлю вецер лез у вочы,          Хмары палівалі; Пушча страшыла уночы,          Людзі ўдзень чапалі… ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Як Лявон прашчаўся зь сьветам,          Як дамоў вяртаўся, — Ні з пацехай, ні з прыветам,          Кажуць, не спаткаўся. Ўсюды добра, дома — лепей,          Дзе гуляў дзяцінай, Дзе ніхто цябе ня чэпе          Так, бяз дай прычыны. Да сваёй даплёўся вёскі          I… пляцецца далей, Дзе магілкі, дзе бярозкі          Ля крыжоў стаялі. Тры крыжы там небарака          Новенькія ўбачыў… Сеў пад імі і заплакаў —          Па сваіх, няйначай. ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Першы — маткі, другі — таткі,          Трэйці — Паланеі… Ў месяц стаў яшчэ адзін крыж          На магільнай кнеі…