Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 102

Янка Купала

1-ы падарожны.

Я рад бы славы даказаці, Дый сваю губку замачыў.

2-і падарожны.

А я свой недзе цыр затраціў, — Даўно і люлькі не курыў.

3-і падарожны.

Ну, добра! Зараз я вярнуся, — Запаланее мігам лом: Сярнічак мне дала Кастуся, Ў мяне яны тут с капшуком.

(Выходзіць).

1-ы падарожны, (к другому).

Садзіся, ваша, адпачынем! Напэўне, спорна умахаў? Дарожка — хай яна загіне: Карэння столькі і канаў! Дух чалавеку ўпрост выймае, Не чуеш костачкі аднэй… Садзіся, ваша, вось дзе з краю, Ног зацяганых пажалей.

2-і падарожны.

О, дзякуй, дзякуй, чалавеча! Я рад спачынку; балазе, К таму сказаць, і акалечыў Свой большы палец на назе.

(Садзіцца).

Як неяк холадна на свеце, Хоць май даўно ўжо на двары. Але, але, дзе наш той трэці? Няўжо ўсё хлеб яшчэ бярэ?..

3-і падарожны, (падходзячы).

А вось і я прыйшоў нарэшце! Крыху задлякаўся з канём… Агоньчык толечы развесці, — А там закусім, аддыхнём.

(Дастае запалкі).

Запалім… А! Вось і навука! Што гэта значыла б такі? Другую маем закаклюку: Мае замоклі сярнікі. Не дам нічога з імі рады; Ў пацёмку трэба папасаць. Вось непашанціла, дапраўды! Ці ж думаў хто так прападаць?!

1-ы падарожны.

Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта, — Каб нам такой бяды павек! Сцюдзёна, цёмна, ды ўсё ж лета — Не счэз ніводзін чалавек. А можа хто яшчэ над'едзе І зніме гэты клопат з нас? Дый першыня, ці што, суседзе, Ў дарозе мець такі папас…

2-і падарожны.

Мо помніш леташнюю восень: Ўвесь свет быў глух і дзік, і пуст; Шум не сціхае гонкіх сосен, Здаецца, плача кожны куст. Здаецца, пеклава вяселле Ўзнялося, круціцца, сапе; Ні блыску зорак, ні прыселля, Конь толькі пудзіцца, храпе. Цурком дождж льецца, як із луба; Скаголе вецер, як той звер, А мы пад хвойкамі, аж люба, Начлег спраўляем, як цяпер.

3-і падарожны, (прыслухаючысь).

Пастой, суседзе! нешта чую: Як быццам фыркнуў мой гняды… Кром нас ніхто тут не начуе, — Каб не набраціся бяды?!

1-ы падарожны.

Сядзіце вы, а я падскочу І кіну вокам на вазы: Мо сена хто наскубсці хоча, — Вось шэльме дам, дык дам лазы.

(Адходзячы, чапляецца лапцем за сук і валіцца).

А каб цябе паляруш мучыў! Чуць-чуць не вывярнуў нагу… На сук на самы неяк лучыў. Ну, ўжо гатова, ўжо бягу.

(Па неякім часе варочаецца з незнаёмым).

Вось вам і злодзея на рукі На вашы гэтака здаю… Не многа меў я з ім дакукі, Пачуў ён сілу, знаць, маю. У спрэчку доўгую не ўходзіў: Пайшоў, куды сказаў яму.