Читать «Шляхам жыцьця» онлайн - страница 104

Янка Купала

(Перастаўшы пець).

Вось і канец вам песні-байцы, Ці ў ёй панятна толькі ўсё?.. Калі не так што — выбачайце, Даконьча ваша вас жыццё.

1-ы падарожны.

О, песню важную такую Не пойме толькі гліны ком… Цяпер няхай жа мы пачуем Штось трохі аб жыцці тваём.

2-і падарожны.

А я крыху галля падбаўлю.

3-і падарожны, (да другога).

Я памагу табе крыху.

1-ы падарожны.

Аброці коням я папраўлю.

(Адходзяць усе тры).

Незнаёмы, (ўслед падарожным).

Я адпачну на маху.

(Адзін).

О, люд мой лапатны, патульны, За што цябе я так люблю? За што твой гоман неразгульны І думкі ўсе твае лаўлю? Ты лёг мне каменем на сэрцы, Які не ў сілах зваліць я… Што тут пачаці ў паняверцы? Жыві ў жыцці і без жыцця. Ідзеш, брыдзеш, а на дарозе — То косць, то камень, то бадыль; У брата станеш на парозе, А ён табе… О Божа, крый!.. Нясі ў мяцеліцы, ў разводдзі, Свайго цярпення нясі крыж. Калі ж праглянеш ты, народзе, — Арліным лётамі узляціш? Пасцель пуховую пасцеліш Сваім замучаным дзяцям, Нясмелых песняю асмеліш, Якой сягоння бедзен сам?.. Як страшна збуджаным хадзіці Між наспаў, зломаных крыжоў! У мокры пень агонь красіці, Склікаць аплачаных дружкоў… Так цяжка, цяжка, дзе не глянеш, Красою крыўды хоць касі! Калі ж, народзе, ты устанеш І сонцу голас падасі?

Падарожныя, (падходзячы).

А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…

Незнаёмы.

Цяпер зноў сядзем… ну, і што ж? Ага! гістор'ю нашу зладзім, — Адточым востра ўсё, як нож; А можа трапім ею ў грудзі, У грудзі з дзерава людзей…

Падарожныя.

Што ты?! Ці ж мы такія людзі? Жартуеш хіба, дабрадзей!

Незнаёмы.

О не, крый Божа! Ось з няўцёку Зляцела слоўца з языка… Так штосьці ў сэрцы мне не лёгка, Ну, і паднесла бедака… Хто я і скуль — для вас цікава; О, не вялікі гэта цуд: Радзіўся, рос, ляцеў за славай, Ляцеў, ажно спыніўся тут. Убачыў дзень я ў сельскай хаце; Бацькі у беднасці жылі: Канёк, кароўка — ўсё багацце, Ды гонеў двойчы — ўсей зямлі. Чытаць, пісаць крыху наўчылі, Але не выўчылі саўсім; Сам з часам кніжны лад асіліў І толк у ім даваў другім. І мёд салодкі, і атруту Суліць страніца стала мне; Я ею думкі ўсе апутаў: Не знаў — на яве я, ці сне. Цямноту ўсю паняў нездарнасць, Я сілу знання ўсю паняў; Свайго жыцця я відзеў марнасць, Аж на сябе я рукі ўзняў. Але не суджана было мне Душой без часу загавець, І сам не знаю ўжо сягоння — Жалець таго, ці не жалець. Ішлі гадочкі за гадамі. Я ў сілу рос і ў розум рос, Дый не расце пацеха з намі, Як там не жалімся на лёс. Што раз зваднейшыя ўсё леты, Што раз цяжэй на грош і хлеб. Пайці у свет — бацькі мне светам, А хата мне — астрожны склеп. Смяецца неба непагодай, Шыбець скаціну нейкі звод, Зямліца дзеліцца няўродай, За годам выплаканьшы год. Аж бацьку гора з ног зваліла, — Пайшоў на той свет без пары; У год капай зноў тры магілы: Злёг брат, і дзве зляглі сястры. Пашло няшчасце за няшчасцем; Я кут пакінуць мусіў свой… Дзе ступіш — смешкі ды напасці, Хоць налажы ты галавой. Пазнаў куткоў чужых сцюдзёнасць, Нагайку службы я пазнаў, У след мая шла беспрытоннасць, З ёй вецер песні напяваў. А думкі рваліся да сонца, Туды, да ціхіх, добрых зор, Да волі, шчаснасці бясконца З пустынных ніў, з гаротных гор. Ліў нейкі мне таёмны голас Праявы дзіўныя ў душу; Іх чуў, як чуе сонца колас, І думаў, зло сваё скрышу. ………………………… Іду… Куды ісці сягоння? Аднэй няма, а шмат дарог… Адлогам родныя спяць гоні, Іржа на вышлках есць нарог. На траме ўверчана анучай Ляжыць няклеплена каса; На сцежках мох расце калючы, На ім — чырвоная раса. Руцэ народная набіваюць Плугі чужыя мазалі, Чужыя коні папасаюць На абезволеннай зямлі. Йдуць песні, казкі ў дамавіну; Якія дзед спяваў складаў; Свае жалейкі люд закінуў, Чужым свісцёлкам месца даў. Узносе пасынкам пакорным Бяда цямнічныя муры І сеткі путае праворна, Чапае могілак крыжы. Адно чуваць, як быццам штосьці, З-пад сонных наспаў, з-за мяжы, Дзе дрэмлюць прадзедавы косці, Дзе час варочае крыжы, — Штось варушыцца у бяссіллі. Ці ж бы там быў жывых папас?.. Няўжо нябожчыкаў змянілі, Няўжо нябожчык кожны з нас? …………………………… Але ўжо блізка і світанне; Пара ўзнімацца ўжо, пара! Пакуль к нам з неба сонца гляне, Жджэ не адна мяне гара. І вам пара вазы ўжо ладзіць, К дарозе коней рыхтаваць: Раней лепш стануць у парадзе, Чым на папасе пераспаць. Цяпер, каторы з вас пасудзіш Мяне за злодзея свайго?