Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 30

Іван Мележ

От i яна зазнала гора! От i ў яе… Тут Хадосьчыны думкі нібы наскочылі на другую, большую, агромністую — увайшла, уламілася раптам, не першы раз згадка пра сваё малое! Яе, Хадосьчына, малое! Яе у якога яна ніколі не бачыла i не ўбачыць! Яе, якому цяпер быў бы трэці год, якое магло б абдымаць за шыю, туліцца да фудзей, зваць! Яе, якому сама не дала жыць! Яе, якое — запякло адчайнае, няўцешнае, — якое сама, сама загубіла!!!

2

Мінулае ішло заўсёды побач. Яно то мацнела, то слабела, але не знікала; на ўсім, чым жыла цяпер, быў яго цень. Яно прыходзіла ноччу, ішло ўдзень, было ў думках, у настроі, ва ўчынках…

У той дзень, калі збялелую, спакутаваную Хадоську бацька павёз у бальніцу, бяда яе не асталася ў Куранях. У чыстай баковачцы юравіцкай бальніцы Хадосьцы не стала весялей, сорам, адчай пяклі, тачылі Хадоську ў ціхай бальнічнай баковачцы яшчэ горш.

У першы ж дзень у бальніцы, бы знарок, узяліся нагадваць ёй тое, што так хацелася забыць; ледзь унеслі Хадоську на насілках у доктарскі пакой, доктарка стала выпытваць, пра што i думаць было страшна; i была доктарка не адна, акрамя яе яшчэ дзве ў белым стаялі побач, хацелі ведаць, бачыць Хадосьчыну ганьбу. Не расчапіла Хадоська губ, як увайшоў нейкі дзядзька ў белым, намерыўся, здалося, таксама слухаць, глядзець; Хадоська, амаль непрытомная, бы ажыла, заматала галавою, дзіка закрычала: "Не, не!.." Яна ўсё крычала, ірвалася ўстаць з насілак i калі дзядзька пайшоў, i калі доктарка штосьці гаварыла супакойліва — крычала, пакуль зусім не аслабела ў моцных руках жанок у белым, страціла прытомнасць.

Нямілае, ненавіснае было з таго дня Хадосьцы ўсё — i белыя дактары, i гаваркія, назойлівыя жанкі-суседкі, i блізкі ельнічак за акном. Ёй чулася, што ўсе ведаюць пра яе, здавалася, што i глядзяць не абы-як, а з патайным! нядобрымі думкамі, як бы смеючыся з бяды яе, з яе сораму. Асабліва ненавідзела яна таго дужага, нахабнага дзядзьку ў белым, пра якога казалі — галоўны ўрач i які ледзь не кожны дзень абыходзіў усіх, пасміхваючыся, распытваў, аглядаў. Спачатку хацеў ён падысці i да Хадоські, але Хадоська ледзь убачыла гэга, яго — здалося — брыдкую ўсмешачку на сытым чырвоным твары, затрэслася, як вар’ятка, закрыла вочы рукамі, закрычала. З таго дня дзядзька не падыходзіў больш да яе, i калі быў ля суседакжанок, то трымаўся асцярожна, далікатна. Не радавалі ў тыя дні Хадоську бацькі, што часта, вельмі ж часта прыязджалі з дамашнімі гасцінцамі. Хоць ні бацька, ні матка словам не прагаварыліся, чула Хадоська, што яны ведаюць, якая бяда ў яс, гарэла ад сораму, ад вінаватасці, ад крыўды, маўчала непрыхільна, хвіліны дачакацца не магла, калі яны паедуць ад яе. Пасля сустрэч з бацькамі Хадоську асабліва даймала трывога пра тое, што, мабыць, ужо багата хто ведае ў Куранях пра яе грэх, ведаюць, можа, усе хлопцы, дзяўчаты ведаюць, смяюцца. Яна часам так ясна ўяўляла, як гавораць, як смяюцца з яе, што, здавалася, чула галасы, бачыла ўсіх увачавідкі. Хадоська камянела ад адчаю.