Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 21

Іван Мележ

— Такі ж, пэўна, i добры — вечар еты! Хоць бы хмарка дзе, як раней! На дождж i не паказуе! Добрая пагода буць мае!.. На дождж, кажу, i не паказуе!

— Дай Бог, кеб не було, — адгукнуўся стрымана Глушак.

— Не будзе! Пагода ўжэ будзе! Па ўсяму відно!

Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма — усё намагалася палагодніць, прымірыць усіх з Ганнаю. Гаварыла знарок не аб спрэчцы, цешыла добрай, прыемнай гаворкай, зычлівасцю, усмешкай. Толькі нібы мімаходам упляла некалькі слоў пра Ганну:

— Не думайце бо чаго! Не бярыце да душы вельмі! Ето ж i раней гарачая була, не дай Бог, а тут — гора такое!..

— Гора, канешне!.. — паківала Халімоніха.

Глушак прамаўчаў. Было відаць, таіў яшчэ крыўду, i Куліна не стала рызыкаваць, спрытна перавяла гамонку ў надзейную мірную каляіну — не ўсё адразу! Яшчэ раней заўважыла, як пад’ехаў пад акно запрэжаны Сця панам конь, запыталася:

— Вы ето — нібы нанач на луг сабіраецеся?

— Сабіраемся…

— Ето добра. Штоб зранку ўзяцца. А то ж бяда бядою, а дзело не павінно стаяць!

— Два дні i так прапало, — панура прамовіў Глушак.

Мачыха адразу падхапіла:

— Ды ў такую пору!

— Канечне, якая там работа була ўчора, — разважыла Глушачыха. — Калі малое павезлі…

— Aгe ж, так толькі — для прыліку…

Мачыха бачыла, што Глушаку не сядзіцца: чаго добрага, зазлуе, гаворка добрая яе ні на што пойдзе — у час паднялася.

— Ну, дак вы ўжэ сабірайцеся! І дай Бог; штоб у вас усё було па-людску!

Перад тым як ісці дадому, мачыха зазірнула ў палавіну, дзе была Ганна. Паўздыхала, параіла яшчэ, каб не перажывала вельмі за тое, што ужо не вернеш. Ганна, якая усё так жа ляжала на ложку, быццам сляпая, нават не зварухнулася, але мачыха выйшла на вуліцу са спакоем чалавека, які, як мог, уладзіў бяду. "Нічого, пройдзе. Вылечыцца. І не такое зарастае з часам…"

Хутка пасля таго, як яна сышла, Глушакі сталі выпраўляцца ў дарогу. Глушачыха вынесла хлеба, Глушак наліў свежай вадой біклагу, Сцяпан па бацькаваму загаду збегаў нарваў цыбулі. Калі ўсе сабраліся ля воза, стары глянуў на Яўхіма:

— А я на што — не паедзе?

Глушачыха пашкадавала:

— Не да таго ёй. Не чапай…

— Скажы ёй, — строга загадаў Яўхіму стары. — Жджэм, скажы!

— Тато, вы, праўда, не чапайце! — заступіўся за Ганну i Сцяпан.

— Маўчы! Не ўтыкай носа!

Яўхім прашаргаў лапцямі ў хату. Калі ён убачыў Ганну, маўклівую, самотную, вінаватасць лягла на душу, але халадок, што даўно жыў між ix, звыкла стрымаў шчырасць.

— Хваціць ужэ. Што ўпало, тое прапало, сколькі ні бядуй… Дак i бедаваць няма чаго вельмі… Без пары ў магілу лажыцца.

Яна не сказала нічога. Шкадаванне раптам размякчыла яго. Яўхім сеў побач, йалажыў руку на яе плячо, прытуліў галаву. Яна не адгукнулася на гэты знак яго пяшчоты, не прыгарнулася. І не адхілілася, не скінула яго руку. Яго як бы i не было.

— Паедам, — пастараўся не заўважыць ён непрыхільнасці да яе, што абудзілася ў душы. — А то ты звядзешся тут, адна са сваімі думкамі… На людзях буць трэба…