Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 13

Іван Мележ

Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. За грандыёзнымі падзеямі, якія гісторыя ўвекавечыла для нашчадкаў, прыціхла, а часам i прапала з увагі тое, што было немаштабным, абыдзённым, што хвалявала аднаго чалавека. Як бы само сабой забылася, што людзям у той час — як i ва ўсе часы — даводзілася штодня жыць абыдзённасцю; што тое дробнае, можа, нікчэмнае, на нашу думку, было для ix у аснове сваёй i важным, i вялікім, — бо без яго не было як жыць. Свет у куранёўцаў — гэта праўда — найбольш быў нешырокі, невялікі: гумно, хата, вуліца, але ў гэтым невялікім свеце было сваё вялікае: урэшце, чалавек мерыць усё мерай свайго розуму i свайго сэрца. Можна сказаць, у малых Куранях было сваё вялікае. Важнымі i вялікімі былі клопаты, важнымі i вялікімі былі няўдачы, загадкі, вузлы, якія завязвала дзень за днём жыццё. Яны былі такімі вялікімі, што за імі часта не быў добра чуцен гул вялікіх перамен у краіне, прыціхала чуццё перамен нават у саміх Куранях. Тым больш што багата хто i не хацеў чуць ix, не хацеў глядзець далей за свой плот, сваю мяжу…

Для ix усё, што вяла ім доля, малое i вялікае, было жывым жыццём, карэнні якога перапляталіся густа, моцна i блытана. Ім не было відаць тое, што мы бачым за сабой, для ix усё было наперадзе. Ім трэба было ісці няходжаным полем непражытага жыцця…

Ад самага світання, ледзь пачынала шарэць балота, хапаліся хутчэй нанава накруціць анучы, падсілкавацца абы-чым трохі — ды за косы, па вадзе, па мяккай пакошы, да мокрай, з шызым важкім бляскам травы. Жанкам пакуль было вальней; але скора i ім, i падлеткам перадыху не было з граблямі, з насілкамі: хутчэй знесці на сухое, хутчэй паварушыць, каб дасыхала, хутчэй скласці ў копы, у стагі. Да самага вечара, пакуль не напаўзалі густа поцемкі, балота было ў клопаце, у руху, у вялікай, няспыннай гонцы: мужчыны i жанкі, старыя i малыя рупіліся з радамі, з копамі, ca стагамі…

2

На другі дзень пад поўдзень стала вельмі парыць. Калі сабраліся пад дубком i возам папалуднаваць, стары Глушак прамовіў неспакойна:

— На сон хіліць нетто… Кеб дождж не прыгнало…

Да Ганны голас яго дайшоў як бы здаля. Недачула ўсяго: змора, сон наваліліся на яе адразу — умомант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Але калі стары разбудзіў усіх, клопат зноў падвёў Ганну да калыскі. Невясёлая, нямоцная была сёння Верачка.

Яшчэ доўга да вечара захмарыла ўсё, пацямнела навокал; завуркатаў наводдаль гром. Глушак падганяў усіх — прыбраць хутчэй падсохлае сена, скапіць.

Сярод шалёнага гону Ганна похапкам адбегла ад іншых, кінулася к дубку — грудзі занылі ад трывогі: Вера была гарачанькая. Тварык, цельца пачырванелі. Дыхала часцей, цяжэй, як бы змораная.

Ганна сказала пра свой неспакой Яўхіму. Той выцер пачарнелыя, сасмяглыя губы, зморана супакоіў:

— Духата. От i дыхае так… Тут сам як не задыхнешся…

Праўда, душна было вельмі. Аж млосна станавілася ад задухі, у руках, у нагах — ва ўсім чулася слабасць. З вялікім намаганнем падымала насілкі з сенам, цераз сілу цягнулася да капы.