Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 14
Іван Мележ
Але дачушцы не стала лягчэй i калі па ўсім балоце, гнучы лозы i гонячы жмуткі сена, пайшоў свежы, шырокі вецер. Стала лепш, здаравей, а Верачка ўсё млела i хапалася дыхаць. Не палягчэла ёй, не астыла малая i ўвечары: лобік зрабіўся яшчэ гарачэйшы, грудка, ножкі гарэлі.
— Прастудзілася, ці што? — У голасе старога Глушака Ганне пачуўся папрок: не ўберагла!
Далі папіць малой чабаровага настою, i неўзабаве ва ўсім Глушаковым табары чуліся сапенне ды храп. Даўжэй другіх не лажыўся, хадзіў каля Ганны, што гнулася пры калысцы, Сцяпан; але змора нарэшце ўзяла i яго. Толькі Ганне не спалася. Хілілася над калыскай, услухоўвалася, як малая дыхае, асцярожна дакраналася да лобіка, усё хацела пачуць, што гарачыня ў Верачцы ападае.
Укрывала, затульвала сабой ад ветру. Вецер быў неспакойны, халодны, як крынічнай вадою абліваў шыю — прыйшлося ўсцягнуць на сябе посцілку. Амаль увесь час нядобра, трывожна шумеў дуб. Пахла навальніцаю.
Чаканне яе таміла душу. Але зіхала i грымела ўсё наводдаль, нібы навальніцы хацелася больш памучыць яшчэ, падыходзячы. Няхутка набліжаліся бліскавіцы, паволі раслі, мацнелі грамы, a ўсё ж падступаліся, гразіліся. Вось ужо сталі заходзіць збоку, як бы акружаць. Вецер таксама нібы цешыўся людскім неспакоем — то ўціхаў на хвіліну, то налятаў з новым шалам, біў вільгаццю i холадам. Старыя даўно не спалі, гнуліся побач з Ганнаю, хрысціліся на кожны бляск, кожную грымоту.
У водбліску маланак Вераччын тварык здаваўся белым-белым, без крывіначкі. Малая таксама не спала, але вочы, ледзь расплюшчаныя, глядзелі неяк безуважна, як бы поўныя сваёй турботы.
— Не бойся… Ето Ілля катаецца… Ілля-прарок… — туліла малую, ласкава i трывожна шаптала ёй Ганна. — Ён добры… Ён малых не чапае… Ён толькі здаецца такі — страшны… A напраўду ён — добры… Добры…
І ў громе чула, як цяжка, часта дыхае Верачка, — хоць словам, хоць чым-небудзь хацела памагчы малой!
Ужо блізка да раніцы прарваўся, загуў вакол дождж — спорны, але нядоўгі. Калі ж ён сціх, бліскала i грымела далека.
Раніцай усё паравала. Усё балота было як у дыме, прасветленым сонечнай яснасцю. Блішчала зоркамі раса на траве, вада на дубах, на кустах лазы. Усё, здаецца, зіхцела, зычыла радасць.
Дзень ішоў пагодны. У сонечнай весялосці Глушакі хутка як бы забылі нра бяду: косы Сцяпана i Яўхіма ўядаліся ў мокрую траву са смакам, Глушачыха i Халімон, нібы памаладзелыя, разварушвалі i разварушвалі копы, пераварочвалі рады. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам i падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор’е.
У Ганны ж граблі валіліся з рук. Раз-пораз кідала ix і, стомленая, важкая ад бяссоння i трывогі, праставала да дубка, да калыскі: усё чакала, што Верачцы палягчэе. А дачушцы было горш i горш. Дыхала часцей i цяжэй, аж задыхалася.
За ёй падышоў, пастаяў са спачуваннем каля Ганны, каля малой Сцяпан. Не сказаў нічога, толькі ўздыхнуў, патупаў да воза, падняў біклагу напіцца. Падбегла, пабедавала старая, але праз хвіліну кінулася да грабель, баючыся трапіць на Халімонаў гнеў. Падышоў быў на момант i Яўхім. Ганна чакала, што падтрымае неяк, параіць што-небудзь — ёй так патрэбны былі цяпер добрае слова, падтрымка, — але Яўхім адно прамовіў: