Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 12
Іван Мележ
— Aгe! Скажу: не! — падхапіў з насмешачкай i Зайчык. — Скажаш! Скажаш, ды толькі, хлопчыкі, паслухаем — што! Як возьмуцца добра! Як стануць прасіць вельмі!
— Запяеш шчэ! — буркліва напрарочыў Васілю Міця.
— Не запяю! — Васіль заўважыў прыязны, падахвотлівы позірк Нібыта-Ігната, дадаў: — Сказаў i скажу!
— Усе скажуць, нібыто! — падтрымаў Ігнат.
Хоня міг маўчаў — не хацелася зноў заядацца з Хадосьчыным бацькам, — але не ўтрываў:
— Вы, дзядзько, за ўсіх не кажыце! У кажнаго свой язык е! Не аджавалі!
Ігнат зіркнуў на яго злосна:
— І ты за другіх — не вельмі, нібыто!
— Я за сябе кажу!
— І я, нібыто!
Усе ведалі, што Хоня заляцаецца да Ігнатавай Хадоські, жаніх, можна сказаць; але нікому i ў галаву не прыйшло падсмяяцца цяпер са спрэчкі абодвух.
Зайчык зноў насеў на Васіля:
— От адбяруць голас ды прыпаяюць, як Халімончыку, цвёрдае заданне!
— Не прыпаяюць! Няма такога закону!
— Знайдуць! — прароча запэўніў Міця.
Васіль не думаў сыходзіць з пазіцыі: гатоў быў на ўсё.
— A i прыпаяюць — усе адно!
— Што — усе адно?
— Усе адно! Як такое — што жыць, што не — усе адно!
— Жыць будзеш! — звонка заявіў Хоня. — Нідзе не дзенешся! І ў калякціў пойдзеш!
— Не пайду!
— Пойдзеш! Усе пойдуць! І ты са ўсімі!
— Пойдзеш! Пойдзеш, дзетачкі! — падтрымалі Хоню Міця i Зайчык.
— Не пайду! — Васіль запыніўся: як даказаць яшчэ сваю рашучасць, непахіснасць сваю. — Калі на тое — не прывязаны тут!
— У свет пойдзеш? Кінеш усё?..
Васіль перамаўчаў. Што тут сказаць: i так ясна.
— І чаго ето страшыць так калякціў еты! — падумаў уголас Хоня. — Жывуць жа людзі ў калгасах! Унь алешнікаўцы ці туманоўскія! Багато хто — дак лепей як дасюль!
— Бандарчук з Алешнікаў — дак смяяўся: нічого, весялей шчэ, кажа, у купе! — памог Хоню Алёша.
— Весялей i лягчэй: жнейку з Мазыра унь прыгналі! Насенне адборнае, сартавое выдзелілі. Нарады з воласці прыйшлі ўжэ…
— Ну, от i ідзі ў еты свой рай! А мы, нібыто, так пажывем! Нам i так непагано!
Хоня стрымаў сябе. Міця, не здзіўляючыся, не судзячы, адзначыў проста:
— Хоня гатоў ужэ хоць цяпер…
— Пайду.
Хоня зацягнуўся, прымоўк раздумліва; не тоячыся, пашкадаваў:
— Я-то гатоў, а старая ўсё божкае… Баіцца…
— Дзіва што! — заступілася за Хоневу матку Арына.
Зайчык узрадаваўся, хіхікнуў:
— А мая, родненькія, не! Сама рвецца ў калякціў! І дабра не шкода ёй, што нажылі!..
— Якое там у цябе дабро!
— Aгe! Якое! A дзеці! Усіх хоць зараз гатова абагульніць!
— От ето — сазнацельная! — пахваліў Алёша.
Мужыкі пасмяяліся трохі i зноў замоўклі. Маўчалі доўга, адно смакталі цыгаркі. Дзіўны быў настрой: i гаварыць не хацелася, i не хацелася разыходзіцца. Як бы не ўсё было сказана, а гаварыць ніхто не мог.
Васіль i Нібыта-Ігнат, як i ў друпя разы, падаліся ад агню ўдваіх. Калі дайшлі да Васілёвага надзелу, сталі, Ігнат сказаў, бы мудрасць:
— Як там яно ні будзе, а трэба рабіць, нібыто. Запасацца на зіму трэба…
— Карова не захоча знаць нічого, — з гаспадарскай сталасцю згадзіўся Васіль.
Раздзел другі
1
Многае з таго, як бачыцца тая ці іншая падзея, мяняецца з гадамі, з тым разуменнем, якое прыходзіць з часам. Ці дзіва, што падзеі, якія хвалявалі Курані, намі бачацца багата ў чым інакш; што падзеі гэтыя маглі падавацца i куранёўцам зусім інакш, як нам.