Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 11

Іван Мележ

Васіль з хмурнаватым, цвёрдым позіркам, са стала", паважнай дужасцю ў рухах, пастаяў трохі, акінуў вачыма ўсіх, хто быў каля агню, падышоў бліжэй, стомлена апусціўся на траву. Усе глянулі на яго, прымоўклі на момант, сталі адно смаліць цыгаркі.

Першы заварушыўся Зайчык:

— Робіш, ліхо яго матары, а для каго — чорт лысы знае!..

Васіль нібы ўздыхнуў:

— Трава ж дабрэнная, як скажы ты!

— Калі тая вайна пачалася, такое сено добрае було… — успомніў чамусьці Алёшаў бацька, стаў зноў санліва ссаць люльку.

— Сено — годнае! — абазваўся звонка Хоня. — Дзякуй скажуць!

— Скажуць!.. — нібы пашкадаваў зноў Васіль.

Зайчык жвава заёрзаў:

— Чаго вы, хлопчыкі! У цябе дабрэннае, дык i ў мяне не паганае. Мой конь тваё з’есць, дак твой — маё! Адзінакая выгада!

— Не будзе ні твайго, ні майго! — прахрыпеў Міцяляснік.

— Aгe! Напужаў! — Зайчык узрадаваўся. — Такую здыхляціну, як у мяне, дзетачкі, я — хоць з кім! Заплюшчыўшы вочы!.. — Яшчэ весялей заёрзаў.— Тады ж Карча Халімончыка, братачкі, коні будуць усе адно як мае! Eтo — непагано, ей-бо!

Без меры давольны, тоненькім галаском захіхікаў; смяяўся які міг, раптам ускочыў, нецярпліва, гарэзна затупаў:

— A мо б шчэ, хлопчыкі, й жонкі абагульніць?! — Ён весела зіркнуў на Хоню, на Алёшу, фыркнуў смехам: — Штоб, скажам, маю старую — Васілю, а Васілёву Маню — мне! Прымерам — на тыдзень!

— Што б ты рабіў з ёй — пасля Васіля!.. — зарагатаў Хоня.

— Aгe! Што! Найшоў бы што, з маладой!.. Толькі — штоб ненадоўга! На тыдзень, не болей!..

Мужчыны, не зважаючы на Алёшаву сястру, з радасцю ўхапіліся за смешкі; маўчаў толькі Чарнушка, які за ўвесь вечар слова не выціснуў. Хоня i Міця сталі падбіваць Васіля на спрэчку, але ён толькі хмурыўся: знайшлі час плясці дурную гаворку! Свет, можна сказаць, ламаецца, а яны — хаханькі!

— Не будзе з етаго нічого! — сказаў панура, цвёрда, калі мужчыны сціхлі.

Зайчык пырснуў дурасліва:

— Унь, бач, хлопчыкі, не хоча мяняцца!

Васіль, поўны свайго клопату, зноў перамаўчаў яму.

— Як хто, а я — па-свойму! — Голас яго аж дрыжаў — так, чулася, хвалявала тое, што выказваў: — Я — сам па сабе! — Як канчатковае, непахіснае, адрэзаў: — Не пайду! Скажу: не! І ўсё!

У вачах, празрыстым, светлым, i карым, што глядзелі спадылба, з-пад хмурных броў, гарэла адна безбаязная ўпартасць. Быў так усхваляваны, што не адразу заўважыў, як падышоў к агню Нібыта-Ігнат, можна сказаць, прыяцель яго.

— Скажаш! А мо — падумаеш шчэ?! — як бы пакпіў Хоня. — Не трэба зразу так заракацца!