Читать «Людзі на балоце» онлайн - страница 5

Іван Мележ

— Вернешся?.. Вернешся?.. Вернешся?..

Валодзька, рыючы лбом пульхную зямлю, выў і роў ад болю, ад крыўды, ад злосці, але не гаварыў нічога.

Маці пайшла ад яго, так і не дачакаўшыся хоць слова.

Седзячы ў бульбоўніку, ён цераз завалоку слёз зверавата пазіраў, як яна ішла да воза, як села і паехала, грозна глянуўшы на яго. «Кеб ты… кеб табе… немач!» — кіпела ў ім няўтольная злосць.

Паўз малога па дарозе ехалі і ішлі мужыкі, і амаль кожны падсмейваўся з яго бяды: «Што, усыпалі?» Гэта распальвала яго крыўду. Невясёлы, адзінокі і, як мала хто ў свеце, няшчасны, пацёгся ён дамоў, пацёгся цераз бульбоўнік, цераз агароды, толькі б нікога не сустракаць, нікога не бачыць!..

Калёсы, на якіх сядзелі Васіль і маці, ужо ўязджалі ў лес. Пасля поля тут было ад гушчыні маўклівых, нібы прытоеных, хмурных хваін цемнавата і сыра, хоць лясок і рос на пясчаніку. Ранішняе сонца, што чырвоніла хвойнік угары, яшчэ не магло прабіцца да нізу, да зямлі, і на рэдкай траве тут мутна трымалася раса, а на пяску значыліся вільготныя цемнаватыя плямы. Не зважаючы на расу і сырасць, адчувалася ўжо набліжэнне дзённай задухі.

— Душно будзе, — сказала маці.

Неўзабаве яны дагналі Чарнушкаў. Можна было б ехаць за імі, аддаючы знак пашаны дзядзьку Цімоху, як старэйшаму, і, можа, у іншых абставінах Васіль так і зрабіў бы, але побач з дзядзькам сядзела задзіра Гануля, яго дачка, Васілёва равесніца. Гэтая задзіра ў апошні час Васілю проста жыць не давала, пры кожнай сустрэчы, калі б ні трапіўся ён — смяялася ці нават здзекавалася з яго. От жа толькі пазаўчора пры ўсіх абсмяяла. «Васіль, а чаму ето ў цябе вочы не адзінакія — адно, як вада, светлае, а другое — як жалудок! І валасы унь — ззаду як не чорныя, а спераду — рудзенькія! Як у цяляці рабого». Стаяла і рагатала пры ўсіх! Каб не праўду казала, яшчэ б нішто, а то ж праўда ўсё — розныя вочы, як на грэх, і валасы ад сонца наперадзе зарудзеліся! Усё нялюдскае нейкае!..

Ці ж мог пасля ўсяго гэтага Васіль паслухмяна цягнуцца за Чарнушкамі? Ледзь маці ўправілася сказаць дзядзьку Цімоху, што, мусіць, будзе задуха, як Васіль, тузануўшы Гуза лейцамі, чапляючы калёсамі за нізкае галлё падлеску, порстка аб'ехаў Чарнушкаў, пакінуў ззаду. Ён знарок не паглядзеў на Ганну, але і не пазіраючы на яе, Васіль адчуваў сябе ў поўнай меры шчаслівым. Вось як ён «абступіў» яе, задзіру.

Хто яна, гэта ганарліўка, якая так абыходзіцца, нібы яна не толькі нараўне з ім, а Бог ведае што. Каб яна была і праўда кім-небудзь асаблівым, тады б і трываць можна было б, а то ж хто — усяго бацькава дачка. І гэтак абыходзіцца з ім, з чалавекам самастойным, гаспадаром! Што ж, ён паказаў ёй!..

Тут, калі Васіль быў увесь напоўнен слодыччу адплаты, стары, вельмі пацёрты хамут раптам разышоўся, і аглобля зашоргала па рудых Гузавых нагах. Васіль трывожна саскочыў. Нічога страшнага не было: проста парвалася супоня.

Васіль хутчэй звязаў парваныя канцы, але калі паспрабаваў, пацягнуўшы з усяе сілы, ці моцна завязаны вузялок, той разышоўся. Прыйшлося зноў звязваць. Калі, паружавеўшы ад натугі, сцягваў супоню на хамуце, побач зарыпелі калёсы дзядзькі Цімоха.