Читать «Людзі на балоце» онлайн

Іван Мележ

Іван Мележ

Людзі на балоце

Бацьку, маці,

бацькоўскай зямлі

Частка першая

Раздзел першы

1

Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп'істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.

Вёска тулілася ля берага вострава — платы агародаў дзе-нідзе забягалі на куп'ё ўзболатка. З другога боку, на поўнач, балоты крыху адступалі, дорачы людзям пясчанае поле. Адступалі балоты і на заходнім баку, дзе рунелі ці жаўцелі да краю лесу палі, таксама скупыя, няўдзячныя, хоць у іх глебе і было менш пяску. З поўдня балоты зноў падбіраліся да саламяных, замшэлых радоў стрэх, але ў гэты бок ішла найбольш сувязь са светам, і тут па дрыгве была намошчана дарожка. Што гэта за дарожка, можна меркаваць хоць бы з таго, што ездзілі па ёй смела толькі ў маразы, калі і непралазная твань навокал рабілася цвёрдая, як ток, ці ўлетку, калі дарожка перасыхала.

Большую частку года востраў быў як бы адасоблены ад іншых вёсак і мястэчак. Нават у непаганыя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся сюды ў паляшуцкай торбе нялёгка — каму было прыемна лазіць па гразі без вельмі важнай прычыны, — але і гэтая нямоцная сувязь са светам пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Восенню ці вясной яна перарывалася на цэлыя месяцы: багна, што страшна разбухала ад слоты і разводдзя, адразала востраў ад свету мацней, чым гэта маглі б зрабіць абшары вадзянога прастору. Многія дні людзі жылі, як на плыце, які злая нягода адарвала ад берага і занесла ў мора, — трэба чакаць адно, калі спадарожны вецер ці лёс зноў падгоніць да зямлі.

Але такое становішча тут не палохала, людзям на востраве яно здавалася зусім звычайным. З усіх бакоў, блізка і далёка, ведалі яны, — такія ж самыя выспы сярод бясконцых багнаў, дзікіх зараснікаў, што разлегліся на сотні вёрст з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход. Людзям тут трэба было жыць, і яны жылі. Аднастайныя, нудныя дажджы, што месяцамі лілі на мокрыя стрэхі, сцюдзёныя вятры, што люта білі ў замерзлыя вочкі-шыбы завеямі, цёплае сонца, што ўставала ў пагодныя дні над купамі алешніку, — усё бачыла гэты востраў заклапочаным, у няспыннай, штодзённай руплівасці. Людзі заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе…

Жылі ўжо Курані і ў гэту чэрвеньскую рань. Калі сонца выпырснула першыя праменні між вяршынь Церамоскага лесу, з каміноў на куранёўскіх стрэхах віліся ціхія ранішнія дымочкі, у расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі, лагодныя і строгія покрыкі жанчын. У некалькіх дварах гукі гэтыя перабіваў чысты, працавіты клёкат жалеза аб жалеза — касцы ладзілі, адбівалі малаткамі косы, рыхтаваліся ісці на балота. На пустой вуліцы, з торбай цераз плячо, ніжучы босымі нагамі цёмны след на падбеленай расой траве, ішоў, размахваў доўгай вераўчанай пугай яшчэ санлівы хлопец-пастух. Ён час ад часу звонка ляскаў пугай і аднастайна, хрыпата пакрыкваў: