Читать «Людзі на балоце» онлайн - страница 3

Іван Мележ

За гэтым на памяць прыйшлі яму словы, якімі маці будзіла: «Устань, сынок… Устань, бо ўсе ўсталі… Позно будзе…» Ён зірнуў на сонца — дзе яно, нізка ці высока — і на момант аслеп ад яго бляску. Ён, было добра прыкметна, адразу як бы ажыў, занепакоіўся — сонца ззяла, яму здалося, высока.

«Не разбудзіла па-людску! Калі ўсе ўставалі! — падумаў нездаволена, нават узлавана пра маці і тут жа заклапочана падаўся з ганка. — Каня трэ хутчэй прывесці!.. А то выберашся пазней за ўсіх цераз ету матку!.. Сорам будзе!..»

Ён подбегам падаўся да ўзболатка, дзе пасціўся перад алешнікам спутаны конь. Калі ён уехаў зноў на двор, убачыў сутулаватага, з жоўтай лысінай дзеда Дзяніса, які корпаўся пры калёсах. Дзед колькі дзён таму, ловячы рыбу, вымак і прастудзіўся — учора пластам ляжаў на печы, а сёння — нб табе, таксама падняўся.

— Мо паправіліся ўжэ? — кінуў Васіль, саскочыўшы з каня.

— Эге, паправіўся! — панура пакруціў галавой дзед. — Тым часам, як дзіця, якое першы раз устало…

— Дак леглі б пайшлі.

— Улежыш тут! У етакі дзень! — Дзед правёў худой рукой пад пузам каня. — Наеўся непагано!

— Наеўся.

Васіль прывязаў каня да падмазаных яшчэ ўчора звечара калёс і ўвайшоў у хату; маці стаяла пры печы, варушыла ў ёй качаргою. Пачуўшы сына, не азіраючыся, стала завіхацца хутчэй, і Васілю ад гэтага маўклівага знаку матчынай увагі і пашаны да яго стала весялей. Ён, аднак, не паказаў, што заўважыў гэта, — чаму тут здзіўляцца, калі ён ужо не хлапчук які, а гаспадар, — кінуў ёй дзелавіта:

— Збірайся… Чарнушкі ўжэ едуць…

Ён вярнуўся ў каморку, зняў адбітую дзедам касу, паспрабаваў, як вучыў Чарнушка, ногцем вастрыё — хоць гэта ён ужо рабіў учора некалькі разоў, — выцягнуў з-пад палацяў лапці і стаў абувацца. Валодзька, малы бялявы брат, што спаў на палацях, раптам заварушыўся, расплюшчыў вочы, зірнуў на Васіля і мігам ускочыў.

— Вась, а Вась, — і я?!

Васіль прамовіў:

— Ляжы ты, нуда! Чаго ўспёрся ні свет ні зара!

— Вась, вазьмі мяне… з сабою!..

— Трэба ты мне!

— Ну, вазьмі-і!

Дарэмна Валодзька чакаў адказу, пазіраючы на брата вачыма, якія прасілі і малілі, ніяк не хочучы верыць у братнюю чэрствасць. Васіль маўчаў. Ён быў непахісны. Абуўшыся, Васіль заклапочана пашаргаў у хату, па-ранейшаму нібы не заўважаючы брата, што, як прывязаны, патупаў услед.

Калі маці падала на стол аладкі і нават — дзіва! — скавародку з салам, Валодзька амаль не аддаў гэтаму ўвагі, па-ранейшаму чакаў.

— Ну, Вась?

— Дай, тым часам, паесці чалавеку, — сказаў дзед, які ўжо гарбата сядзеў каля стала, нічога не браў у рот. — І сам еш.

— Глядзі от, — ласкава прыступілася маці.

Яна знарок паклала перад Валодзькам аладку і кавалачак рудога сала, зірнуўшы на якое, Валодзька не ўтрываў і на час адстаў ад брата. Маці падала яму яшчэ кавалачак, дадала некалькі ласкавых слоў, і сэрца малога палагоднела ад гэтай дабраты. Але неўзабаве яму давялося адчуць, што гэтая матчына дабрата была ўсяго-наўсяго хітрасцю, бо ледзь толькі Валодзька пад'еў, маці мякка, ласкава сказала:

— Ты, сыночак, будзеш з дзедам, хату пасцеражэш. Ды глядзі добранько — усё дабро тут на вашых руках!.. Не дай Бог што-небудзь учыніцца — згалеем зусім!