Читать «Крылаты рэвальвер» онлайн - страница 3

Рекс Стаут

— Калі ласка, Пегі, — перапыніў яе Ўэплер і паглядзеў у бок Вулфа. — Вы павінны гэта ведаць з першых рук. Я пайшоў туды, каб расказаць Міёну, што кахаю ягоную жонку і яна кахае мяне, а не яго, і папрасіць, каб ён успрыняў гэта як цывілізаваны чалавек. Да скасавання шлюбу цяпер ставяцца як да звычайнай у нашай цывілізацыі з'явы, але ён гэтага так не ўспрыняў. Яго рэакцыю можна было назваць па-ўсякаму, але толькі не цывілізаванай. Ён не буяніў, але паводзіў сябе вельмі нізка. Праз нейкі час я спалохаўся, што зраблю з ім што-небудзь за прыкладам Джыфа Джэймса, і таму павярнуўся і пайшоў прэч. Мне не хацелася ў такім стане вяртацца да місіс Міён, таму я выйшаў са студыі праз дзверы ў калідор на другім паверсе і адтуль выклікаў ліфт.

Уэплер змоўк.

— І? — націскаў на яго Вулф.

— Я выйшаў з будынка. Пакрочыў па парку і праз некаторы час, супакоіўшыся, патэлефанаваў місіс Міён, і яна сустрэлася са мной у парку. Я расказаў ёй пра рэакцыю Міёна і папрасіў пакінуць яго і паехаць куды-небудзь разам са мной. Яна не згадзілася. — Уэплер змоўк на некалькі хвілін, а потым працягваў: — Існуюць дзве складаныя акалічнасці, якія вы павінны ведаць, каб ведаць усё.

— Калі яны маюць непасрэднае дачыненне да справы, то так.

— Яны сапраўды маюць непасрэднае дачыненне. Па-першае, місіс Міён мела і мае цяпер свае грошы. Гэта была дадатковая прынада Міёну. Мне — не. Я расказваю вам усё як ёсць.

— Дзякуй. Ну, а па-другое?

— Па-другое, у місіс Міён была прычына, каб не рваць з ім адразу. Я спадзяюся, вы ведаеце, што Міён быў вядучым тэнарам у тэатры «Метраполітэн» на працягу пяці ці шасці гадоў, а тут раптам голас знік — часова. Джыфард, той самы барытон, ударыў яго кулаком па шыі і пашкодзіў гартань — гэта здарылася на пачатку сакавіка, — і Міён не змог закончыць сезон. Яму зрабілі аперацыю, але голас не вяртаўся, таму не дзіва, што ён быў у змрочным настроі, і місіс Міён не хацела кідаць яго аднаго ў такім стане. Я паспрабаваў угаварыць яе, але яна была непахісная. У той дзень усё атрымалася не так, як трэба: і ад таго, што такое здарылася са мной першы раз у жыцці, і ад таго, што Міён сказаў пад час нашай з ім размовы, — у выніку я страціў разважлівасць, кінуў яе адну ў парку, зайшоў у бар у цэнтры горада і пачаў замаўляць там шклянку за шклянкай. Прайшло шмат часу, выпіў я многа, але не сп'янеў. Недзе каля сямі гадзін я вырашыў зноў сустрэцца з Пегі і забраць яе з сабой, каб яна не заставалася там яшчэ на адну ноч.

Паддаючыся вось такому настрою, я спыніўся на Іст-Энд авеню, падняўся на дванаццаты паверх і прастаяў там, відаць, хвілін дзесяць, вагаючыся даткнуцца да кнопкі званка. Нарэшце я пазваніў, пакаёўка ўпусціла мяне і паклікала місіс Міён, але тут я, відаць, перастаў валодаць сабой, бо ў мяне хапіла розуму толькі на тое, каб прапанаваць ёй разам пагаварыць з Міёнам. Яна згадзілася, мы падняліся наверх і…

— На ліфце?

— Не, па лесвіцы, што ў самой кватэры. Зайшлі ў студыю. Міён ляжаў на падлозе. Мы падышлі бліжэй. У верхняй частцы галавы была вялікая дзірка навылёт. Ён быў мёртвы. Я вывеў місіс Міён са студыі, падтрымаў яе, але на лесвіцы — занадта вузкай, каб па ёй маглі ісці побач два чалавекі, — яна ўпала і пакацілася ўніз, адолеўшы такім чынам палову прыступак. Я аднёс Пегі ў яе пакой, паклаў на ложак і пайшоў у залу, каб адтуль патэлефанаваць, але па дарозе падумаў, што спярша трэба зрабіць яшчэ адну рэч.