Читать «Крылаты рэвальвер» онлайн

Рекс Стаут

Рэкс Стаўт

Крылаты рэвальвер

Маладая жанчына вынула з рыдыкюля паперчыну ружовага колеру, устала з чырвонага скуранога крэсла, паклала яе на стол Ніра Вулфа і зноў села. Паколькі я лічыў сваім абавязкам быць у курсе спраў, ды і каб Вулф не нагінаўся, бо да паперкі не так лёгка было дацягнуцца, я ўстаў, падышоў да стала і перадаў яе Вулфу, папярэдне прачытаўшы, што там было напісана.

Гэта быў чэк на пяць тысяч даляраў, выпісаны таго ж дня, чатырнаццатага жніўня, на яго прозвішча і падпісаны Маргарэт Міён. Вулф зірнуў на чэк і кінуў яго на стол.

— Я падумала, — сказала жанчына, — што, можа, гэта будзе найбольш зручны шлях пачаць размову.

Разглядаючы жанчыну з-за свайго стала, я пачаў паволі мяняць свае адносіны да яе. Калі яна патэлефанавала раней, у нядзелю адразу папалудні, і папрасіла аб сустрэчы, я адшукаў у памяці цьмяны ўспамін пра яе фота, надрукаванае ў газеце некалькі тыдняў таму, і падумаў, што сустрэча з ёй не будзе ў радасць, але цяпер уяўленне аб ёй пачынала паступова мяняцца.

Знешнія дадзеныя былі не самае галоўнае з таго, што яна мела, бо яны былі так сабе, важна — як яна імі карысталася. Я не маю на ўвазе розныя там выкрутасы і хітрыкі. Вусны не былі прывабныя, нават калі яна ўсміхалася, а вось усмешка была прыгожая. Карычневыя вочы як вочы, нічога незвычайнага, але я з асалодаю пазіраў, як яна пераводзіла іх з Вулфа на мяне, потым на мужчыну, што прыйшоў з ёю і цяпер сядзеў злева. На маю думку, трыццаць ёй будзе недзе гады праз тры.

— Ці не думаеш, — спытаўся ў яе мужчына, — што мы спачатку павінны атрымаць адказ на некаторыя пытанні?

Мужчына сказаў гэта напружаным і крыху суровым тонам, з адпаведным выразам твару. Ён быў устрывожаны і не хаваў гэтага. Глыбока пасаджаныя шэрыя вочы, моцны падбародак — у лепшы час яго можна было б прыняць за якога-небудзь лідэра, але толькі не цяпер. Нешта яго мучыла. Калі місіс Міён прадставіла яго як містэра Фрэдэрыка Ўэплера, я ўспомніў, што гэта прозвішча музычнага крытыка «Гэзэт», але не мог прыпомніць, ці ішла аб ім гаворка ў інфармацыі пра падзею, у сувязі з якой у газеце з'явілася фатаграфія місіс Міён.

У адказ жанчына пакруціла галавой, зрабіўшы гэта невыпадкова.

— Гэта не дапаможа, Фрэд, праўда. Нам трэба будзе ўсё расказаць і паслухаць, што ён скажа. — Яна ўсміхнулася, зірнуўшы на Вулфа, — ці, можа, на самай справе гэта была не ўсмешка, а звычайны для яе рух вуснаў. — Містэр Уэплер быў не зусім упэўнены ў неабходнасці звяртацца да вас, і мне прыйшлося яго ўгаворваць. Мужчыны асцеражнейшыя за жанчын, ці не так?

— Так, — пагадзіўся Вулф і дадаў: — Дзякуй Богу.

Яна кіўнула галавой, выказваючы згоду.

— Я думаю, што так, — і прадоўжыла гаворку, дапаўняючы яе жэстамі. — Я прынесла чэк у доказ таго, што ставімся да гэтага сур'ёзна. Мы трапілі ў непрыемнае становішча і хацелі б, каб вы дапамаглі з яго выбрацца. Мы хочам уступіць у шлюб, але не можам гэтага зрабіць. Прынамсі, калі гаварыць толькі за сябе, я хачу выйсці за яго замуж. — Яна зірнула на Ўэплера, і цяпер на яе твары сапраўды была ўсмешка. — Ты хочаш жаніцца са мной, Фрэд?