Читать «Крылаты рэвальвер» онлайн - страница 2

Рекс Стаут

— Ага, — прамармытаў той. Потым нечакана крутануў падбародкам і задзірліва глянуў на Вулфа. — Вы разумееце — справа далікатная. І не хацелася б, каб у яе лезлі чужыя, але мы ўсё-такі прыйшлі да вас па дапамогу. Мне трыццаць чатыры гады, і першы раз у жыцці я… — Ён змоўк. І праз хвіліну зноў загаварыў здаўленым голасам: — Я закаханы ў місіс Міён і больш за ўсё на свеце хачу, каб яна была маёй жонкай. — Ён перавёў вочы на аб'ект кахання і прамармытаў нешта падобнае на заклік: — Пегі!

— Лічу гэта даказаным, — прабурчаў Вулф. — Вы абое хочаце ўступіць у шлюб. Ну, дык у чым справа?

— Справа ў тым, што мы не можам, — сказала Пегі. — Проста не можам гэтага зрабіць. І толькі таму, што… Вы, можа, памятаеце, што здарылася ў красавіку, чатыры месяцы назад, калі чыталі пра смерць Альберта Міёна, опернага спевака?

— Нешта такое чытаў. Але вы лепш мне напомніце.

— Ну, ён скончыў самагубствам. — Гэты раз на яе твары не было нават падабенства на ўсмешку. — Мы знайшлі яго з Фрэдам — містэрам Уэплерам. У сем гадзін вечара, у адзін з аўторкаў красавіка, у нашай кватэры на Іст-Энд-авеню. Якраз таго ж дня высветлілася, што мы з Фрэдам кахаем адно аднаго, і…

— Пегі! — раптам звярнуўся да яе Ўэплер.

Тая зірнула на яго, потым зноў перавяла вочы на Вулфа.

— Відаць, я павінна параіцца з вамі, містэр Вулф. Як лічыць Фрэд, мы павінны расказаць вам толькі тое, без чаго нельга зразумець праблему, а я лічу, што вы не зразумееце сітуацыі, калі мы не раскажам вам усяго. Як вы думаеце?

— Не магу нічога сказаць, пакуль не раскажаце. Працягвайце. Калі з'явяцца пытанні, тады пабачым.

Місіс Міён кіўнула галавой.

— Думаю, што ў вас з'явіцца шмат пытанняў. Ці здаралася з вамі такое, што вы закахаліся, але хутчэй згадзіліся б памерці, чым паказаць іншым вашыя пачуцці?

— Ніколі, — з імпэтам адказаў Вулф.

Мой твар застаўся нерухомы.

— Ну што ж, а са мною такое здарылася, і я ў гэтым прызнаюся. Ніхто пра гэта не ведаў, нават ён. Праўда, Фрэд?

— Так, гэта праўда, — таксама з імпэтам адказаў Уэплер.

— Не ведаў да таго самага дня, — працягвала Пегі. — Ён прыйшоў да нас на абед, а гэта здарылася якраз пасля абеду. Госці разышліся, і раптам нашы позіркі сустрэліся, потым ён нешта сказаў, а можа, я загаварыла, дакладна не помню, хто першы пачаў гаворку. — Яна ўмольна паглядзела на Ўэплера. — Я ведаю, ты лічыш, што гэта няёмка, Фрэд, але калі ён не будзе ведаць, як гэта ўсё адбывалася, то не зразумее, чаму ты пайшоў наверх да Альберта.

— А яму гэта трэба ведаць? — спытаўся Ўэплер.

— Ну, канечне, — місіс Міён зноў звярнулася да Вулфа. — Думаю, што не здолею растлумачыць так, каб вы ўявілі, як усё было на самай справе. Мы былі канчаткова, ну, як бы сказаць, закаханыя адно ў аднаго, вось і ўсё, і я думаю, што дагэтуль мы ўсведамлялі ўсё моўчкі, таму пачуцці захлынулі нас яшчэ больш. Фрэд вырашыў неадкладна сустрэцца з маім мужам, каб расказаць яму пра ўсё і вырашыць, што нам рабіць далей, я сказала — ну што ж! — і ён пайшоў уверх па лесвіцы.

— Уверх па лесвіцы?

— Наша кватэра на двух паверхах, і ўверсе студыя з гукаізаляцыяй для мужавых рэпетыцый. І вось Фрэд пайшоў…