Читать «Крылаты рэвальвер» онлайн - страница 6
Рекс Стаут
Не, гэта не была іх прапанова, бо, калі верыць таму, што яны расказалі, абое былі зусім невінаватыя, але напрошвалася менавіта такая выснова.
Вулф падышоў да ўсяго гэтага вельмі проста і ўдала.
— Калі я бяруся за гэтую справу, — сказаў ён ім, — і знаходжу доказы, дастатковыя для абвінавачвання ў забойстве, незалежна ад таго, хто забойца, то я карыстаюся імі толькі згодна са сваімі меркаваннямі. Я не Астрэя і не садыст, але трымаю дзверы адчыненымі. Але калі вы хочаце адмовіцца ад гэтага зараз, вось ваш чэк, забірайце яго, і блакноты містэра Гудвіна будуць знішчаны. Мы можам забыць пра тое, што вы былі тут, і зробім менавіта так.
Гэта быў момант, калі яны, і перш за ўсё Фрэд Уэплер, ледзь было не ўсталі і не пайшлі, але ўсё ж такі засталіся. Яны зірнулі адно на аднаго, і па іх вачах было ўсё зразумела. Я паспеў ужо амаль упэўніцца ў сваёй сімпатыі да іх, яны пачыналі нават зачароўваць сваёй рашучасцю вырвацца з пасткі. Калі яны пазіралі адно на аднаго, здавалася, іх вочы гаварылі: «Усё будзе цудоўна!» Потым тыя самыя вочы сказалі: «Яно так, але… Мы не хочам, каб цудоўна было дзень або тыдзень, цудоўна павінна быць заўсёды — і мы ведаем…»
Для гэтага трэба было мець нямала фізічнае сілы, не гаворачы пра здаровы розум, і некалькі разоў я лавіў сябе на тым, што пачынаю расчульвацца. Акрамя таго, вядома, трэба дадаць, што на стале Вулфа ляжаў чэк на пяць тысяч.
Блакноты былі поўныя запісаў пра самыя розныя рэчы. Яны складаліся з тысячы падрабязнасцей, якія мелі і не мелі адносін да справы, такіх, як пачуццё ўзаемнай антыпатыі, што існавала паміж Пегі Міён і Рупертам Гроўвам, імпрэсарыо яе мужа, ці выпадак, калі Джыфард Джэймс публічна зняважыў Альберта Міёна, ударыўшы па шыі, ці адносіны розных асоб да патрабавання Міёнам кампенсацыі за прычыненую шкоду. Усе гэтыя дэталі нельга было выкарыстаць для справы, і Вулфу патрэбна была невялікая частка іх, таму я збіраўся перабраць іх і выбраць неабходныя.
Зразумела, аб'ектам No.1 быў рэвальвер. Ён быў зусім новы, набыты Міёнам на другі дзень пасля таго, як Джыфард Джэймс ударыў яго, пашкодзіўшы гартань, і не для таго, як ён заявіў, каб адпомсціць, а каб бараніцца ў будучым. Ён клаў рэвальвер у кішэню кожны раз, калі выходзіў з дому, а калі прыходзіў — вяртаў на падстаўку бюста Каруза, які стаяў у студыі. Як вядома, з яго стралялі толькі адзін раз — калі быў забіты Міён.
Калі прыйшоў доктар Лойд і Ўэплер правёў яго ў студыю, рэвальвер ляжаў на падлозе непадалёк ад калена Міёна. Доктар хацеў узяць яго, але спыніўся, так і не дакрануўшыся да яго рукой, таму рэвальвер заставаўся на месцы, калі туды зайшлі прадстаўнікі праваахоўных органаў. Пегі запэўніла, што, калі яны з Фрэдам зайшлі ў студыю, рэвальвера там не было, і той пагадзіўся з гэтым сцвярджэннем.
Паліцэйскія не зрабілі ніякіх заяў наконт адбіткаў пальцаў, што само па сабе не дзіўна, бо на зброі рэдка ўдаецца знайсці больш-менш годныя для расследавання сляды пальцаў. На працягу дзвюх з паловай гадзін Вулф раз-пораз вяртаўся да рэвальвера і кожны раз прыходзіў да простай думкі, што ён не меў крылаў.