Читать «Нябожчыкава люстэрка» онлайн

Агата Кристи

Агата Крысці

Нябожчыкава люстэрка

1

Кватэра была сучасная. Мэбля ў пакоі таксама была сучасная. Вялікія квадратныя крэслы з вострымі кантамі. Сучасны пісьмовы стол, пастаўлены квадратам насупраць акна. А за сталом сядзеў маленькі пажылы чалавек. Яго галава была, па сутнасці, адзіная не квадратная рэч у пакоі. Формай яна нагадвала яйцо. Містэр Эркюль Пуаро чытаў ліст:

«Станцыя: Уімпалі

Тэлеграма: Гэмбара Св. Яна

Містэру Эркюлю Пуаро

Гэмбара Клоўз

Гэмбара Св. Марыі

Уэстшыр

Верасень, 24, 1936

Дарагі сэр,

Узнікла справа, якая патрабуе вялікай далікатнасці і такту. Я чуў добрыя водгукі пра вас і вырашыў даверыць гэтую справу вам. Я маю падставы лічыць, што з'яўляюся ахвярай падману, але па сямейных прычынах не хачу звяртацца ў паліцыю. Я сам раблю пэўныя захады, звязаныя з гэтай справай, але вы павінны быць гатовыя прыехаць сюды адразу ж, як атрымаеце тэлеграму. Буду вам удзячны, калі вы не адкажаце на гэты ліст. Шчыра ваш,

Гервазы Шэвені-Гарэ».

Бровы містэра Эркюля Пуаро павольна ўзнімаліся ўгору, пакуль амаль не зніклі ў валасах.

«І хто, уласна кажучы, — спытаўся ён у сябе, — гэты Гервазы Шэвені-Гарэ?»

Пуаро падышоў да кніжнай шафы і ўзяў вялікую тоўстую кнігу.

Ён знайшоў тое, што хацеў, даволі хутка.

Шэвені-Гарэ, Сэр Гервазы Фрэнсіс Ксаверы, 10-ы баранет, роду нададзен тытул у 1694; раней капітан 17-га ўланскага; нар. 18 траўня 1878; стар. сын сэра Гая Шэвені-Гарэ, 9-га баранета, памёр у 1911, і лэдзі Клаўдзіі Брэзэтан, 2-й дачкі 8-га графа Волінфорда. Ажаніўся ў 1912, Ванда Элізабет, стар. дачка палкоўніка Фрэдэрыка Абасната, гл. спіс асоб, якія скончылі Ітан. Удзельнік сусветнай вайны 1914-18. Захапленні: падарожжы, паляванне на буйную дзічыну. Адрас: Гэмбара Св. Марыі, Уэстшыр і плошча Лаўндыс, 218, Паўночны Захад I. Клубы: кавалерыйскі, падарожнікаў.

Пуаро не дужа задаволена паківаў галавой. Хвіліну ці дзве ён быў паглыблены ў свае думкі, потым падышоў да стала, выцягнуў шуфляду і дастаў стосік візітных картак.

Яго твар пасвятлеў.

— А lа bоnnе hеurе! Якраз тое, што мне трэба! Ён абавязкова будзе там!

* * *

Герцагіня сустрэла яго з празмерным захапленнем.

— Дык вы ўсё-такі змаглі прыйсці да нас, містэр Пуаро! О, як цудоўна!

— Мне гэта прыемна, мадам, — прамармытаў Пуаро, кланяючыся. Ён спрытна абмінуў некалькі важных і бліскучых асоб — вядомага дыпламата, такую ж вядомую актрысу і надзвычай вядомага лорда — аматара вясёлага жыцця — і знайшоў нарэшце персону, якую ён і прыйшоў шукаць: містэра Сэтазвэйта, аднаго з тых гасцей, пра каго, пералічваючы прысутных, нязменна пішуць: «і іншыя». Містэр Сэтазвэйт прыязна гаманіў:

— Дарагая герцагіня… Я заўсёды захапляюся яе гасціннасцю… Такая асоба, калі вы разумееце, што я маю на ўвазе. Я часта бачыў яе на Корсіцы некалькі гадоў назад…

У размове містэр Сэтазвэйт надзвычай часта ўпамінаў сваіх тытулаваных знаёмых. Мажліва, што ён мог часам знаходзіць прыемнасць і ў кампаніі з містэрам Джоўнсам, Браўнам ці Робінсанам, але калі і так, то ён не згадваў пра гэта. І ўсё ж апісаць містэра Сэтазвэйта як пустога сноба, і толькі, было б несправядліва. Ён быў праніклівы назіральнік чалавечай натуры, і калі праўда, што глядач ведае пра гульню найбольш, дык містэр Сэтазвэйт ведаў нямала.