Читать «Нябожчыкава люстэрка» онлайн - страница 6

Агата Кристи

Тым часам было відавочна: узнікла беспрэцэдэнтная сітуацыя, калі ніхто не ведае, што рабіць.

Лэдзі Шэвені-Гарэ ўрэшце ўзяла ініцыятыву ў свае рукі, калі гэта магло называцца ініцыятывай, бо вельмі ж няўпэўнена яна сказала:

— Снэл, ці твой гаспадар?..

Яна не скончыла фразу, толькі з чаканнем паглядзела на дварэцкага.

Снэл прывык да метадаў здабывання інфармацыі, якімі карысталася яго пані, бо хутка адказаў на своеасаблівае пытанне:

— Сэр Гервазы сышоў уніз у пяць хвілін восьмай, мілэдзі, і адразу пайшоў у свой кабінет.

— Вось як… — Яна на нейкі час так і застыла з разяўленым ротам, вочы, здавалася, глядзелі некуды далёка. — Ці не думаеш ты, што ён не чуў гонг?

— Я думаю, ён абавязкова чуў, мая лэдзі, гонг жа якраз за дзвярыма кабінета. Я, безумоўна, не ведаў, што сэр Гервазы ўсё яшчэ ў кабінеце, інакш я далажыў бы яму, што абед гатовы. Можа, цяпер зрабіць гэта, мілэдзі?

Лэдзі Шэвені-Гарэ ўхапілася за гэтую прапанову з відавочнай палёгкай.

— О, дзякую, Снэл. Але, зрабі гэта, калі ласка. Абавязкова.

Калі дварэцкі пакінуў пакой, яна сказала:

— Снэл — проста скарб. Я цалкам давяраюся яму. Сама не ведаю, што б я рабіла без Снэла.

Нехта штосьці спагадна прамармытаў, згаджаючыся з ёю, але ніхто нічога не сказаў. Эркюлю Пуаро, а ён назіраў за людзьмі ў пакоі, раптам вельмі выразна падумалася, што яны, усе да аднаго, у напружанні. Яго вочы хутка бегалі па іх, «класіфіцыруючы» ўсіх у агульных рысах. Два пажылыя мужчыны, адзін вайсковага выгляду, той, які толькі што гаварыў, і хударлявы, тонкі, сівы мужчына са шчыльна сціснутымі вуснамі. Двое, далей, маладжавыя мужчыны, вельмі розныя па тыпу. Адзін, з вусамі і выразам стрыманай ганарыстасці, напэўна, пляменнік сэра Гервазы, коннагвардзеец. Другога, з прылізанымі, зачасанымі назад валасамі і даволі банальнай прыгажосцю, ён залічыў да бясспрэчна ніжэйшага сацыяльнага класа. Была тут і маленькая жанчына сярэдніх гадоў з пенснэ і з разумнымі вачыма, і яшчэ была дзяўчына з агніста-рыжымі валасамі.

У дзвярах з'явіўся Снэл. Яго манеры былі дасканалыя, але праз абалонку безаблічнага дварэцкага праступалі знакі чалавечай устурбаванасці.

— Даруйце, мілэдзі, дзверы ў кабінет замкнутыя.

— Замкнутыя?

Гэта быў мужчынскі голас — малады, імклівы, з ноткамі ўзбуджанасці, голас прыгожага маладога чалавека з прылізанымі валасамі. Ён спытаўся, ірвучыся наперад:

— Можна, я пайду і пагляджу?..

Але Эркюль Пуаро дужа спакойна ўзяў камандаванне на сябе. Ён зрабіў гэта так натуральна, што ніхто не палічыў дзіўным, што гэты чужы чалавек, які вось толькі прыехаў, бярэ справу ў свае рукі.

— Хадземце, — сказаў ён, — у кабінет.

І далей, ужо Снэлу:

— Вядзі нас, калі ласка.

Снэл паслухаўся. Пуаро, як цень, ішоў за ім, і, як статак авечак, ішлі следам і ўсе астатнія.

Снэл вёў іх праз вялікую залу, паўз вялізны выгін лесвіцы, паўз велізарны высокі стаячы гадзіннік і паўз нішу, у якой стаяў гонг, па вузкім калідоры, у канцы якога былі дзверы.

Тут Пуаро апярэдзіў Снэла і асцярожна крануў ручку. Яна павярнулася, але дзверы не адчыніліся. Пуаро лёгенька пастукаў костачкамі пальцаў па філёнзе дзвярэй. Ён стукаў мацней і мацней. Потым раптам стаў на калені і прынік вокам да замочнай шчыліны.