Читать «Чарнобыльская малітва» онлайн - страница 19

Светлана Александровна Алексиевич

Тады ўсе навакол гаварылі: памром-памром… Да дзвюхтысячнага года беларусы знікнуць. Дачцэ было шэсць гадоў. Кладу яе спаць, яна мне шэпча на вуха: "Тата, я хачу жыць, я яшчэ маленькая". А я думаў, яна нічога не разумее…

Вы можаце сабе ўявіць адразу сем лысых дзяўчынак? Іх у палаце было сем… Не, досыць! Не магу больш! Калі я расказваю, у мяне такое адчуванне, от сэрца падказвае — ты рашыўся на здрадніцтва. Бо я павінен гаварыць пра яе, як пра чужую… Пра яе пакуты… Жонка прыйшла з бальніцы… не вытрывала: "Лепей бы яна памёрла, чым гэтак мучыцца. Ці мне памерці, каб больш не глядзець". Не, досыць! Усё! Не магу. Не!

Паклаў яе на дзверы… На дзверы, на якіх калісьці ляжаў мой бацька. Пакуль не прывезлі маленькую труну… Яна была маленькая, як скрынка з-пад вялікай лялькі.

Я хачу засведчыць — мая дачушка памёрла ад Чарнобыля. А ад нас вымагаюць, каб мы гэтага не памяталі".

Мікалай Фаміч Калугін, бацька

Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць

Вёска Белы Бераг Нараўлянскага раёна, Гомельскай вобласці.

Гавораць: Ганна Паўлаўна Арцюшэнка, Ева Адамаўна Арцюшэнка, Васіль Мікалаевіч Арцюшэнка, Соф 'я Мікалаеўна Мароз, Надзея Барысаўна Нікалаенка, Аляксандр Фёдаравіч Нікалаенка, Міхаіл Мартынавіч Ліс.

— Госцейкі да нас… Добрыя людцы… Не гадалася на сустрэчу… Аніякага знаку… Бывае, далонь свярбіць — паздароўкаешся. А сёння ані не варажылася. Адно салавейка ўсю ноч спяваў — на сонечны дзянёк. Ой! Нашы бабы ўмэнт збягуцца. Вунь Надзя ўжо ляціць…

— I перажылі ўсё, перацярпелі…

— Ой, не хачу ўспамінаць. Страшна, Выганялі нас, салдаты выганялі. Ваенная тэхніка панаехала. Самаходкі. Адзін дзед стары… Ужо ляжаў. Паміраў. Куды ехаць? "Я от устану, — плакаў, — і пайду на могілкі. Сваімі нагамі". Што нам за хаты заплацілі? Што? Паглядзіце, якая тут прыгажосць! Хто нам за гэтую красу заплоціць? Курортная зона!

— Самалёты, верталёты — гул стаяў. КамАЗы з прычэпамі… Салдаты. Ну, думаю, пачалася вайна. З кітайцамі ці амерыканцамі.

— Гаспадар прыйшоў з калгаснага сходу і кажа: "Заўтра нас эвакуіруюць". А я: "Як жа бульбачка? Не выбралі. Не паспелі". Стукае ў дзверы сусед, і селі яны з маім выпіваць. Выпілі і давай сварыцца на старшыню: "Не паедзем і кропка. Вайну перажылі, а тут радыяцыя. Хоць закопвайся ў гэтую зямлю. Не паедзем!"

— Спачатку думалі, што ўсе памром праз два-тры месяцы. Так нам гаварылі. Агітавалі. Запалохвалі. Дзякаваць Богу — жывём!

— Слава Богу! Слава Богу!

— Ніхто не ведае, што на тым свеце. Тут лепей… Знаёмае ўсё. Як мая мама прыгаворвала: красуешся, радуешся і самавольнічаеш.

— Пойдзем у царкву, памолімся.

— Выязджалі… Узяла зямлі з мамінай магілкі ў мяшэчак. Пастаяла на каленях: "Даруй, што мы цябе пакідаем". Ноччу пайшла да яе і не баялася. Людзі свае прозвішчы пісалі на хатах. На бярвеннях. На плоце. На асфальце.

— Сабак салдаты забівалі. Стралялі. Бах-бах! Пасля гэтага я не магу чуць, як крычыць жывое.

— Я тут брыгадзірнічаў. Сорак пяць гадоў… Шкадаваў людзей… У Маскву на выстаўку мы свой лён вазілі, калгас пасылаў. Значок адтуль прывёз і чырвоную грамату. Тут да мяне з павагаю: "Васіль Мікалаевіч. Мікалаевіч…" А хто я там, на новым месцы? Стары дзед у брылі. Тут буду паміраць, жанчынкі мне вады прынясуць, у хаце нацепляць. Шкадаваў я людзей… Увечары ідуць бабы з поля і спяваюць, а я ведаю, што яны нічога не палучаць. Адны палачкі на працадні. А спяваюць…