Читать «Чарнобыльская малітва» онлайн - страница 17
Светлана Александровна Алексиевич
Тут усё жыве. Ну, усё-ўсё! Яшчарка жыве, жаба жыве. I чарвяк жыве. I мышы ёсць! Усё ёсць! Надта ж вясною хораша. Я люблю, як бэз цвіце. Чаромха пахне. Пакуль ногі моцна трымалі, сама па хлеб хадзіла, у адзін толькі бок пятнаццаць кіламетраў. Маладой бегма туды б і назад. Прывычная. Пасля вайны мы хадзілі па насенне на Украіну. За трыццаць, за пяцьдзесят кіламетраў. Людзі па пуду насілі, а я тры. А зараз па хаце, бывае, не перайду. Старой бабе і ўлетку на печы холадна. Міліцыянеры едуць сюды, правяраюць вёску, дык мне хлеба вязуць. Толькі што яны тут правяраюць? Жыву я і каток. Гэта ўжо другі каток у мяне. Міліцыя пасігналіць, мы з ім зарадуемся. Бяжым. Яму прывязуць костачак. А ў мяне будуць пытацца: "А як бандыты заскочуць?" — "Дык чым яны ў мяне разжывуцца? Што возьмуць? Душу? У мяне толькі душа". Добрыя хлопчыкі… Смяюцца… Батарэйкі для прыёмніка прывезлі, я цяпер усё радыё слухаю. Людмілу Зыкіну люблю, але яна нешта рэдка зараз пяе. Пэўна, састарэла, як і я… Мой гаспадар любіў сказаць… Дык яшчэ казаў: скончан баль — і скрыпкі ў торбу!
Раскажу, як я катка сабе знайшла. Не стала майго Ваські… I дзень чакаю, і два… I месяц… Ну, зусім, было, я адна засталася. Няма да каго і загаварыць. Пайшла па вёсцы, па чужых садках клічу: Васька, Мурка… Васька! Мурка! Па першым часе шмат іх бегала, а пасля недзе прапалі. Знішчыліся. Смерць не выбірае… Усіх прымае зямелька… I хаджу я, і хаджу… Два дні клікала. На трэці дзень — сядзіць пад крамаю… Мы пераміргнуліся… Ён рады, і я радая. Толькі што ён слова не прамовіць. Ну, пайшлі, — прашу, — пайшлі дамоў". Сядзіць… Мяў… Я давай яго ўпрошваць: "Што ты тут будзеш адзін? Ваўкі з 'ядуць. Разарвуць. Пайшлі. У мяне яйкі ёсць, сала". От як растлумачыць? Кот чалавечае мовы не разумее, а як ён тады дацяміў, што я казала яму? Я іду паперадзе, а ён бяжыць ззаду. Мяў… "Адрэжу табе сала"… Мяў… "Будзем жыць удваіх"… Мяў… "Назаву цябе Васькам"… Мяў… I от мы з ім ужо дзве зімы перазімавалі…
Уначы прысніцца — нехта паклікаў… Суседчын голас: "Зіна!"
Памаўчыць… I зноў: "Зіна!"
Маркотна мне стане, я паплачу…
Зайду на могілкі. Мама там ляжыць… Дачушка малая… вайною ад тыфу згарэла… толькі мы занеслі яе на могілкі, закапалі, як вызірнула з-за хмарак сонейка. I свеціць-свеціць. Хоць ты вярніся ды адкапай. Гаспадар мой там… Федзя… Пасяджу ля ўсіх. Паўздыхаю. А пагаварыць можна і з жывымі, і з мёртвымі. Мне аніякай розніцы. Я і тых, і другіх чую. Калі ты адна… I калі маркота… Глыбокая маркота…
Ля самых могілак настаўнік Іван Прохаравіч Гаўрыленка жыў, ён да сына ў Крым з'ехаў. За ім — Пётр Іванавіч Міускі… Трактарыст… Стаханавец, калісьці ўсе ў стаханаўцы выбіваліся. А там далей Міша Міхалёў, ён катлы грэў на ферме. Міша памёр неўзабаве. Паехаў — і адразу памёр. За ім — дом заатэхніка Сцяпана Быхава стаяў… Згарэў! Уначы благія людзі падпалілі. Прышлыя. Сцяпан доўга не пажыў. Недзе ў Магілёўскім раёне пахаваны. Другая вайна… Столькі мы людзей страцілі! Кавалёў Васіль Макаравіч, Максім Нічыпарэнка… Я, бывае, заплюшчу вочы і хаджу па вёсцы… Ну, якая, кажу ім, тут радыяцыя, калі матылёк лятае, і чмель гудзе. I мой Васька мышэй ловіць. (Плача.)