Читать «Чарнобыльская малітва» онлайн - страница 20

Светлана Александровна Алексиевич

— У вёсцы людзі жывуць разам… Адным гуртам…

— Сніцца мне сон, гэта я ўжо ў горадзе ў сына жыла. Сон… Што чакаю смерці, падчэкваю. I сынам наказваю: "Павязеце мяне на нашы могілкі, хоць пяць хвілінак пастойце са мною ля роднай хаты". I зверху бачу, як сыны мяне туды вязуць…

— Хай яна атручаная, з радыяцыяй, але гэта мая радзіма. Нідзе мы больш не патрэбныя. Нават птушцы сваё гняздо люба…

— Даскажу… Жыла ў сына на сёмым паверсе, падыду да вакна, гляну ўніз і жагнаюся. Здаецца, што каня чую. Пеўня… I такая шкадоба… А то сасню свой двор: карову прывязваю і даю, даю… Прачынаюся. Не хачу падымацца. Я яшчэ там. Я то тут, то там.

— Удзень мы жылі на новым месцы, а ўначы на бацькаўшчыне. У сне.

— Зімой у нас тут ночы доўгія, сядзім, бывае, і лічым: хто памёр ужо?

— Мой гаспадар два месяцы ляжаў… Маўчаў, не адказваў мне. Як пакрыўдзіўся. Хаджу па двары, вярнуся: "Бацька, як ты?" Вочы толькі на голас падыме, а мне ўжо лягчэй. Хай бы ляжаў, маўчаў, а быў у хаце. Як чалавек памірае, плакаць няможна. Перапыніш яму смерць, будзе доўга адыходзіць. Я ў шафцы свечку ўзяла і ў рукі яму ўставіла. Ён узяў і дыхае… Вочы, бачу, мутныя… Не плакала… Аб адным прасіла: "Перадай там прывітанне нашай дачушцы і маёй любай мамачцы". Малілася, каб нам разам… Хто Бога і ўпросіць, а мне ён смерці не даў. Жыву…

— А я паміраць не баюся. Ніхто два разы не жыве. I ліст аблятае, і дрэва падае.

— Бабачкі! Не плачце. У перадавіках усе гады хадзілі. Стаханаўкі. Сталіна перажылі. Вайну! Каб не смяяліся і не цешыліся, дык даўно павесіліся б. Значыцца, гамоняць дзве чарнобыльскія бабы. Адна: "Чула, у нас ува ўсіх цяпер белакроўе?" Другая: "Не слухай ты! Я ўчора палец парэзала, кроў цякла чырвоная".

— У родным краю, як у раю. А на чужыне і сонца не свеціць.

— А мая мама калісьці мяне вучыла, што вазьмі абразок і перавярні яго, і каб ён гэтак тры дні павісеў. Дзе б ты ні была, абавязкова дадому вернешся. У мяне было дзве каровы і дзве цялушкі, пяць свіней, гусі, куры, сабака. Рукамі галаву абхаплю і хаджу па садзе. А яблыкаў, яблыкаў — процьма! Прапала ўсё, прапала!

— Памыла ў хаце, печ пабяліла… Трэба пакінуць хлеб на стале і соль, міску і тры лыжачкі… Лыжак столькі, колькі душ у хаце… Усё, каб вярнуцца…

— А грабеньчыкі ў курэй былі чорныя, а не чырвоныя. Радыяцыя…

— Гэтая радыяцыя ў мяне на гародзе была. Гарод увесь пабялеў, бялюткі-бялюткі, як чымсьці пасыпаны. Шматочкамі нейкімі… Я думала, можа, чаго з лесу нанесла…

— Не хацелі мы ад'язджаць. Ой, не хацелі! Мужчыны выпіўшы. Пад колы кідаліся. Начальства хадзіла па хатах і кожнага ўгаворвала. Наказ: "Маёмасць не браць!"