Читать «Творы» онлайн - страница 11

Франтишек Богушевич

Воўк і авечка

Злавіў воўк ягнятка І панёс жывое! Плачуць сын і матка, Як бабры, абое. Воўк над маткай злітаваўся, Як які аконам, У аўчынку перабраўся Ды ідзець з паклонам. «Прыйшоў, - кажа, — я здалёчку Расказаць пані авечца Добру вестку аб сыночку, — Як яму цяпер жывецца. Не пазнала б ты ніколі, Такі стаў дасужы І жывець сабе на волі, Без бяды, без нужы. Зубы выраслі з клыкамі, І адпалі рожкі, Ножкі цяпер з пазурамі, Хвост даўжэйшы трошкі. І ўжо воўка не баіцца, Ў хлеў ніхто не гоне; Мае чым абараніцца І другіх бароне! Прыйдзі, імасць, да нас ў госці, Справім сабе вечарынку: Будзе мяса, будуць косці, Будзем есць без адпачынку!» «Дзякуй, дзякуй, ягамосці, За весці такія! Няхай прыйдзе сын у госці, Пагляджу, ці вые? Бо, кажуць, меж вамі Трэба выць ваўкамі. Я ж па-воўчу не умею Ні выць, ні есці, ні лгаць. Ды скінь скурку, дабрадзею, Бо зубкі відаць». І авечка, хоць дурная, А воўка ж пазнае!

Мая хата

Бедна ж мая хатка расселася з краю, Меж пяскоў, каменняў, ля самага гаю, Ля самага бору, на беражку лесу; Ніхто тут не трафе, хоць бы з інтарэсу. Як няма гарэлкі, няма куска хлеба, Дык які ж інтэрас, каму сюды трэба? Да хоць няма хлеба, жабраваць не буду, Пражыву як-кольвек ад працы, ад труду! Кепска ж мая хатка, падваліна згніла, І дымна, і зімна, а мне яна міла; Не буду мяняцца хоць бы і на замкі, — Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі. На страсе мох вырас, на маху бярозка. Мільшая мне хатка, як чужая вёска. Сваталі ж мне ў прыймы у новую хату, На зямлю ражайну і дзеўку багату; Буду жыць, казалі, як які пасэсар, Ездзіць парай коні, як сам пан асэсар; Да мне даражэйшы вугал гэты гнілы, Камень пры дарозе, пясок ля магілы, Як чужое поле, як дом мураваны! — Не аддам за сурдут каптан свой падраны. Клікалі ж у госці і клічуць суседзі — Не пайду, не трэба, бо, кажуць, заедзі Ад чужога хлеба губы абсядаюць, Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць. Я не кіну хаты, хоць вы мяне рэжце, Не пайду да вас я, хіба у арэшце. А хоць сілай навет адарвалі б з дому, Калісьці вярнуўся б, як мядзведзь да лому. Заваліцца й хата, зарастуць пакосы, Усё б я вярнуўся, хоць голы да босы! Насек бы бярвенняў, нацягаў бы моху, Зноў бы склеціў хату як-кольвек патроху, Зрабіў бы камору, выкаваў бы жорны, — Усё ж свой хлеб еў бы, хоць бы сабе чорны! Ну дык жа адстаньце, нашто я вам трэба: Ці каб ваш хлеб есці, ці рабіць вам хлеба?