Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 31

Геннадий Николаевич Саганович

Бітва на Альшаніцы — апошняя перамога

Узімку 1526/27 года на Валынь уварвалася вялізная арда крымскіх татараў. Астрожскі надзвычай хутка змабілізаваў войска і паспеў дагнаць іх ужо каля Пінска, дзе і разбіў наезнікаў. Рэшткі татарскіх загонаў пайшлі на поўдзень. А ў студзені 1527 года ён рушыў з конніцай ад Астрога напярэймы ардзе, якая ўжо вярталася з вялікай здабычай. Перуном наляцелі яго харугвы на лагер татараў каля нешырокай Альшаніцы, паміж Каневам і Кіевам. Паспрабаваўшы напачатку адбівацца, наезнікі (а іх на Альшаніцы было за 20 тысяч!) не вытрымалі ціску і пачалі ўцякаць. Мала іх ацалела тады і дайшло да бяспечнага Дзікага поля, бо ўцекачоў даганялі і секлі яшчэ вершнікі князя Ю. Слуцкага ды А. Дашкевіча. А 700 татараў было ўзята ў палон.

Гэта была адна з вялікіх перамог Астрожскага, у якой удалося ідэальна выкарыстаць ягоную ж тактыку. Стары змагар з татарамі і маскоўскім войскам, ён валодаў сапраўдным майстэрствам барацьбы з імі. Што да антытатарскіх акцый, дык Ж. Гэрбэрштайн апавядаў пра іх вось як.

Князь Астрожскі не выступаў насустрач татарскім загонам, калі яны ўрываліся ў краіну. Не, ён пачынаў асочваць ворага, як той, ужо абцяжараны здабычай, вяртаўся назад. Далёка ад'ехаўшы, рабаўнікі ўрэшце знаходзілі сабе бяспечнае месца для адпачынку, спыняліся там нанач і пачыналі рэзаць жывёлу ды баляваць. Астрожскі ж звычайна ведаў гэтае месца праз сваіх выведнікаў. Ён загадваў вершнікам нарыхтаваць харч на наступную ноч (каб больш не раскладваць вогнішчаў) і асцярожна наблізіцца цёмначы да татарскага лагера. А з першым праменнем сонца ягоная конніца віхрам налятала на сонных татараў ды ўчыняла ім поўны разгром.

Так было і пры Альшаніцы, дзе пераможцы вызвалілі з татарскага палону дзесяткі тысяч жыхароў Княства. Пасля гэтага Крым пачаў звяртацца ў Вільню па дапамогу ў міжусобным змаганні, чаго не было з часоў Вітаўта. А Кастусь Астрожскі другі раз, як рымскі консул, трыумфальна ўязджаў у сталіцу, ды цяпер ужо ў Кракаў, дзе яго віталі кароль і каралева.

1526 год быў асаблівы для князя Канстанціна і тым, што жонка Аляксандра нарадзіла яму сына. А вось прыгожая перамога стала апошняй для старога ваяра. З таго часу ён больш не вадзіў у бітвы сваіх харугваў. Затое актыўна дапамагаў багатым досведам. Улетку 1527 года быў у Кракаве на ваеннай нарадзе, дзе абмяркоўвалі праблемы абароны ад татараў і туркаў, налета сустракаўся ў Вільні з паслом Ф. Франгепанам па тых сама пытаннях, а ў 1529 годзе ў ліку камісараў Княства праводзіў перамовы з Польшчай аб вызначэнні дзяржаўнай мяжы.