Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 29

Геннадий Николаевич Саганович

Не без захадаў уплывовага ваяводы троцкага ў тым жа 1522 годзе Тураўская і Пінская дыяцэзіі атрымалі ад Жыгімонта прывілей (гэтакі ж даваўся ў 1511 годзе з Берасця) аб незалежнасці царкоўнага судаводства для праваслаўных вернікаў. Гэтаксама ўласнымі стараннямі Астрожскага ён з моманту смерці мітрапаліта Язэпа ІІ Солтана (1511 год) па прызначэнні Жыгімонта быў апекуном земляў усёй Кіеўскай мітраполіі да абрання новага мітрапаліта. Новы ж мітрапаліт у 1528 годзе папрасіў на выпадак ягонай смерці пакінуць Астрожскага апекуном земляў мітраполіі і надалей. Ягоны аўтарытэт ды актыўнасць фактычна вызначылі юрыдычнае становішча грэцкай царквы ў Княстве таго часу.

А 17 жніўня 1522 года князь Астрожскі быў ізноў узнагароджаны Жыгімонтам: атрымаў дазвол «воскам чарлёным усякія лісты свае пячатаваць» — права, якім карысталіся найбліжэйшыя да манарха асобы. У гаспадарскай грамаце так адзначаліся ваенныя заслугі і мужнасць гетмана: «Бачачы высокія заслугі ў славутых бітвах вяльможнага князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага, ваяводы Троцкага, гетмана нашага найвышшага, старасты Брацлаўскага і Вінніцкага, ня толькі за нас, але і за панаванне слаўнае памяці Бацькі нашага Казіміра і за брата нашага Аляксандра, каралёў іх міласці, што яго міласць ня толькі накладаў сваіх вялікіх да службы іх міласці налажыці не шкадаваў (што ж звык чыніці ніколі не перастаючы і да цяперашняга часу, і за наша панаванне), але ў такіх службах горла свайго страціці не літаваў, і раны ў бітвах вялікія і пакуты цяжкія ад непрыяцеля ахвотна прыймаў».

За які месяц да таго заўдавелы гетман (першая жонка Тацяна Гальшанская памерла ў ліпені 1522 года, пакінуўшы Астрожскаму адзінага сына Іллю) заручыўся з дачкою слуцкае княгіні Анастасі. У лісце аб заручынах ён пісаў Анастасі, што «ў яе міласці дом уступіць, і яе міласці кроўным і вечным прыяцелем стане, і яе міласці княгіні Слуцкай Анастасі… дачку князёўну Аляксандру сабе ў жонкі возьме, а яе міласці князёўны Аляксандры мужам будзе…» Шлюб яны бралі ў 1523 годзе. Аляксандра, дачка вядомага слуцкага князя Сымона Алелькавіча, нарадзіла Канстанціну Астрожскаму яшчэ сына Кастуся (Васіля) і дачку Зосю (дзяўчынка памерла дзіцём) ды заставалася з ім да апошніх дзён гетмана.

Звадкі мажнаўладцаў

Практычна з моманту элекцыі Жыгімонта Аўгуста пачалі хутка псавацца дачыненні паміж Астрожскім і Альбрэхтам Гаштаўтам — канцлерам і ваяводам віленскім. Той у 40-х гадах XVІ стагоддзя быў першым сярод мажнаўладцаў, узначальваў апазіцыю каралеве Боне і трымаўся арыентацыі на збліжэнне Княства з Аўстрыяй і Прусіяй. К. Астрожскага ж знаёмілі з планамі Боны, і хоць ён выступаў супраць парушэння пётркаўска-мельніцкіх актаў 1501 года ды абрання нялетняга каралевіча вялікім князем, бачачы ў гэтым паслабленне абароназдольнасці краіны ў цяжкія часы, але застаўся на баку каралевы. Цяпер вакол яго гуртаваліся старыя і новыя незычліўцы Гаштаўтаў — Юры і Ян Радзівілы, Рыгор Осцікавіч, Юры Алелькавіч, Іван Сапега ды іншыя.