Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 30

Геннадий Николаевич Саганович

Барацьба груповак набывала такі размах, што паралізоўвала дзейнасць дзяржаўнага апарату. Жыгімонт неаднойчы заклікаў абодва бакі супакоіцца, затым нават прызначыў ім грашовую кару на 30 000 коп літоўскіх грошай, але не мог суняць супраціўнікаў. Стары Гаштаўт ужо не змяняў свайго стаўлення да гетмана. Кароль мусіў раіцца з К. Астрожскім, як нейтралізаваць яго дзеянні, а Гаштаўт тым часам даслаў Боне ліст, у якім абвінавачваў князя Канстанціна ў дзяржаўнай здрадзе (?!). І надалей, нават у 1529 годзе, даводзіў, што Астрожскі — «чалавек новы, подлай кандыцыі, русін, сын мізэрнага княскага роду», а значыць, не месца яму ў сенаце.

Сярод пяці наймагутнейшых

А тым часам Астрожскі ўваходзіў у пяцёрку наймагутнейшых феадалаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1528 годзе ён выставіў са сваіх земляў 426 выдатна ўзброеных вершнікаў. З сенатараў яго пераўзыходзіў толькі сам Гаштаўт, які меў, дарэчы, не нашмат болей — 466 коней. Значыць, колькасць сялянскіх душ гетмана сягала блізу 41 тысячы! Ягоныя зямельныя ўладанні былі раскіданыя па тэрыторыі ўсяе дзяржавы. Нямала іх знаходзілася і ў Беларусі: Смалявічы і Тарасаў у Менскім павеце, Балажэвічы, Капцэвічы і Шастовічы ў Мазырскім, Анохаў у Новагародскім, возера Свіцязь з вакольнымі вёскамі, Дзятлаў, двор у Менску, урэшце, Тураў, адпісаны ў 1514 годзе жонцы, ды іншыя. Для ўласных маёнткаў князь дамагаўся асобных прывілеяў, для сваіх гарадоў — лакацыі. У 1524 годзе магдэбургскае права атрымаў ягоны Астрог.

З уласных сродкаў Канстанцін Астрожскі фундаваў у Беларусі храмы, даваў ім зямлю з сенажацямі ды агародамі. Так паўставалі новыя ці замест драўляных узводзіліся мураваныя бажніцы ў Вільні, Новагародку, Смалявічах, Тураве. Пра закладанне смалявіцкай царквы Святога Мікалая пісалася ў ягоным фундушы за 27 сакавіка 1507 года: «Я… Канстанцін, князь Астрожскі, пан Віленскі, гетман найвышшы з добрае волі маёй зажываючы ў тым, паводле правоў, свабодаў і вольнасцяў шляхоцкіх нашых Вялікага Княства Літоўскага пісаных, на гонар і хвалу Спадару Богу ўсемагутнаму збудаваў царкву ў іменню маім Смалявіцкім, у павеце Менскім…»

Не выключана, што ў 1522 годзе князь Астрожскі спрыяў адкрыццю друкарні Францішка Скарыны ў Вільні, а пасля матэрыяльна падтрымаў і выданне кніг.

Ізноў справы ратныя

Аднак усё гэта Астрожскі мусіў рабіць толькі паміж справамі ратнымі. Ненадоўга пакідалі яны састарэлага гетмана ў спакоі.

У 1524 годзе крымскі хан пры ўдзеле турэцкай конніцы двойчы нападаў на Вялікае Княства і Карону, рабуючы Падолле, Валынь. К. Астрожскі разам з М.Фірлеем спрабаваў перакрыць ім шлях, але меў для таго занадта малыя сілы. І наезнікі спустошылі зямлю да Буга. Тады ж стала ведама, што ля межаў Кароны канцэнтруецца турэцкае войска. Астрожскага запрасілі ў Польшчу, каб ён пакіраваў там падрыхтоўкай конніцы да магчымых ваенных дзеянняў супраць туркаў. На поўдзень звярнула ўсю сваю ўвагу і Княства.

А тым часам ўзнавіліся памежныя канфлікты на ўсходзе. Велікалуцкі намеснік наехаў на Ўсвяцкую воласць і намагаўся прыўлашчыць яе, збіраючы там падаткі. Старадубскі намеснік нападаў на воласці Крычава, Рэчыцы, Чачэрска. Узімку 1525 года тут дайшло да сапраўднай вайны. Рабуючы, маскоўскія раці праходзілі да Мазыра, з'яўляліся за Дняпром. У рэчыцкія воласці яшчэ не раз урываліся яны і наступнымі гадамі. І ўсё гэта пры існаванні мірнага пагаднення! Жыгімонт скардзіўся на сістэматычнае парушэнне мяжы з боку Масквы, а Васіль ІІІ у адказе сцвярджаў, што вінаватых ён карае смерцю. Але гэта, нават калі і было праўдаю, не мяняла сутнасці справы. Увесну 1526 года ў Маскву з пасламі ад Жыгімонта зноў паехаў Гэрбэрштайн. Упартае нежаданне Васіля ІІІ вяртаць Смаленск Вялікаму Княству Літоўскаму зрывала перамовы. Усё, чаго дамаглося пасольства, дык гэта шасцігадовага замірэння на ранейшых умовах.