Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 28

Геннадий Николаевич Саганович

Канстанцін Астрожскі ўваходзіў у кола блізкіх да Боны асобаў. Яшчэ ў 1518 годзе, калі паны-рада накіравалі яго з пасольствам у Карону разбіраць справу Я. Зарэмбы (той абвінаваціў Княства ў сепаратызме, у развале палітычнага і вайсковага хаўрусу з Польшчай), Астрожскі затрымаўся там надаўжэй і вітаў у Маравіцы Бону, якая ехала ў Карону, затым прысутнічаў пры яе ўездзе ў Кракаў, браў удзел у шлюбных ды каранацыйных урачыстасцях.

Сам Жыгімонт настолькі сімпатызаваў гэтаму незвычайнаму чалавеку, што, жадаючы аддзячыць гетману за гераізм і адданасць, быў гатовы пайсці нават на вынятак з правілаў. Яшчэ 25 сакавіка 1522 года ён падпісаў у Горадні на вальным сойме грамату, якою надаваў князю Астрожскаму годнасць троцкага ваяводы. Парушаючы прывілей Ягайлы, насуперак дзевятаму артыкулу акта Гарадзельскай вуніі, які надзяляў правам займаць найвышэйшыя ўрадавыя пасады толькі каталікоў. Кароль і вялікі князь адзначыў, што дагэтуль ваяводства Троцкае ён не мог даць аніводнаму схізматыку (праваслаўнаму), але цяпер саступае яго князю Канстанціну Астрожскаму. На якой падставе? Жыгімонт тлумачыў: за «такія верныя яго заслугі супраць непрыяцеляў нашых, Масквы і татараў», а таксама «па просьбах і довадах паноў-радных». Стаўшы троцкім ваяводам, шасцідзесяцідвухгадовы князь вызваляўся ад пасадаў старасты луцкага і маршалка валынскага, але застаўся старастам брацлаўскім і вінніцкім.

Гэтак па волі Жыгімонта Канстанцін Іванавіч займаў цяпер месца на пярэдняй лаве ў сенаце, уваходзячы ў эліту свецкіх «дастойнікаў». І ніхто з паноў-рады не пратэставаў супраць парушэння ранейшых парадкаў. Наадварот, Астрожскі меў сімпатыі ў найбуйнейшых магнатаў і палітыкаў. Паміж Гаштаўтамі і Радзівіламі, якія варагавалі, ён займаў нейтральную пазіцыю. Спрабуючы прымірыць супернікаў ды спыніць іх канфрантацыю, якая перарастала ў сапраўдную грамадзянскую вайну, аслабляла дзяржаву, гетман умеў захоўваць найлепшыя дачыненні з Альбрэхтам Гаштаўтам і сябраваць з сынамі Мікалая Радзівіла.