Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 26

Геннадий Николаевич Саганович

А на лета 1518 года Васіль ІІІ падрыхтаваў удар у адказ. З Вялікіх Лукаў ягоныя ваяводы рушылі на Полацак, з Белай — на Віцебск, а са Смаленска і Старадуба — на Падняпроўе. У маскоўскіх летапісах было запісана, што на гэты раз іх войска дайшло да Слуцка, Менска, Новагародка. Вялікія сілы непрыяцеля скавалі Полацак. Як шчыра адзначыў аўтар пскоўскага летапісу, «і Палачане шмат з нашымі біліся…» Затым прыспела падмога і «пабеглі да Дзвіны Масквічы, і не змаглі яны пераправіцца ўсе, і патапілі іх шмат у Дзвіне, і адышлі ад Полацка, нічога не атрымаўшы».

Астрожскі тым летам абараняў паўднёвыя межы краіны. Разам з А. Дашкевічам ён двойчы разграміў на Валыні крымскіх наезнікаў.

Паступова сапраўды небяспечным зрабіўся ваенны хаўрус Масквы і Караляўца, падпісаны яшчэ ў 1517 годзе. Цяпер да яго далучаўся новы альянт. Ужо вясной 1519 года перад Васілём ІІІ стаяў крымскі пасол з ярлыком ад хана. У выпадку адначасовага ўдару ўсіх трох хаўруснікаў для Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага маглі настаць надта цяжкія часы. На шчасце, яны дзейнічалі паасобна.

У ліпені на Кіеўшчыну і Валынь уварвалася 40-тысячная арда. Гетман Канстанцін Астрожскі выступіў супраць татараў з корпусам на 7 тысяч коннікаў, частку якога складалі палякі. Ён пераняў татараў на зваротным шляху, калі тыя ўжо вярталіся са здабычай. 2 жніўня дайшло да бітвы пад Сокалам, у зусім невыгодным для Астрожскага месцы. Усяму нашкодзілі маладыя польскія шляхцічы, якія прагнулі перамогі. Самаўпэўненыя, яны рваліся ў бітву і не хацелі нават змяніць пазіцыю, застаючыся на нізкім беразе Буга. Не паслухаўшыся загадаў К. Астрожскага, малады Ф. Гербурт павёў свае харугвы на татараў, чым змусіў да ўдзелу ў бітве і гетмана найвышэйшага. Усё скончылася поўнай перамогай наезнікаў. Тры князі, шмат ротмістраў і безліч вершнікаў Астрожскага засталіся на месцы сечы, а сам ён ледзь уратаваўся з пашматанымі рэшткамі конніцы. Той, чыё імя наводзіла жах на ардынцаў, цяпер уцякаў ад іх. І браў на сябе, славутага ваяра, усю няславу гэтага разгрому. Вядроша, Апочка, Сокал… Трэцяя параза ў жыцці, і трэці раз — не па ягонай віне…