Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 24

Геннадий Николаевич Саганович

Тая акалічнасць, што пераможцам быў князь грэцкае веры, дазволіла ўмацаваць свае пазіцыі ўсяму праваслаўнаму насельніцтву краіны. Скарыстаў з гэтага перадусім сам К. Астрожскі. Яшчэ на Крапіўне перад бітвай ён прасіў, звяртаючыся ў малітве да Божае Маці, дараваць яму перамогу і абяцаў за гэта збудаваць два праваслаўныя храмы. І 30 лістапада 1514 года, калі гетман найвышэйшы быў яшчэ ў дарозе да Вільні, Жыгімонт выдаў асобную грамату на яго імя, у якой пісаў: «…Паколькі мы навучаныя Святым Законам і Евангеллем даваць абяцанні Богу і выконваць іх…мы ласкава дазволілі пабудаваць цэрквы: Святой Тройцы — на ўзгорку, праз які ідуць да брамы, што па дарозе ў Меднікі, дзе была старая царква з манастыром пад гэтакім жа назовам Святой Тройцы, пабудаваная з дрэва, і Святога Мікалая, якога называюць Вялікім, пасярод места нашага Вільні, - пабудаваць абедзве з каменю». Асабліва значным было аднаўленне Траецкага храма і манастыра — адной з тых святыняў, якія мелі найбольшую пашану праваслаўных вернікаў краіны. Нездарма апякун гэтага манастыра адначасова быў і віленскім намеснікам мітрапаліта. Мусіць, у тым жа часе стараннямі князя Астрожскага перабудаваная і Пакроўская царква ў Вільні.

Што да міжнароднага значэння перамогі на Крапіўне, дык і яно мела тады асаблівую важнасць для краіны. Эўропа моцна ўразілася, калі пачула пра поўны разгром вялізнага войска маскавітаў. Жыгімонт пісаў пра перамогу рымскаму папу Леву Х і містру Ордэна Альбрэхту. Першаму з іх, а таксама вугорскаму каралю ён нават паслаў у падарунак частку вяльможных вязняў, якіх, праўда, пераняў імператар і вярнуў Маскве. Сам рымскі папа святкаваў тады перамогу Жыгімонтавага гетмана над маскавітамі. А папскі легат Пізон адклаў запланаванае падарожжа ў Маскоўшчыну. Максімільян жа адмовіўся падпісваць ваенны дагавор 1514 года з Масквой і наагул не пажадаў браць на сябе аніякіх ваенных абавязкаў. Так разваліўся небяспечны альянс супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, мэты якога ставілі пад пагрозу самое існаванне гэтых дзяржаваў.

Венскі кангрэс

Улетку 1515 года засядаў Венскі кангрэс, у якім бралі ўдзел імператар Максімільян, Жыгімонт і ягоны брат вугорскі кароль Уладыслаў. Манархі паразумеліся. Імператар рэзка змяніў сваё стаўленне да Жыгімонта. Іх прымірэнне мелася быць змацаванае шлюбам Жыгімонта з унучкай імператара італійскай прынцэсай Бонай. Максімільян канчаткова адмовіўся ад усіх тэрытарыяльных прэтэнзій, паабяцаў дапамагчы ў замірэнні з Масквою ды падкрэсліў сваю асаблівую прыязнасць да Кароны і Княства, сказаўшы, што цяпер ён «з Жыгімонтам гатовы пайсці і ў рай, і ў пекла». (Імператар трымаў сваё слова ды сапраўды адстойваў інтарэсы Вялікага Княства ў эўрапейскай палітыцы. Прыкладам, у 1518 годзе, калі заадно з Маскоўшчынай пачаў дзейнічаць нямецкі Ордэн, ён пераконваў містра Альбрэхта: «Цэласнасць Літвы неабходная для дабра ўсёй Эўропы: магутнасць Масковіі небяспечная».)