Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 25

Геннадий Николаевич Саганович

Тым часам вайна працягвалася, хоць і не з такой актыўнасцю ды размахам. Ужо ў студзені 1515 года пскоўскі намеснік А. Сабураў правёў 3-тысячную раць углыбкі Беларусі, падышоў да Рослаўля быццам бы здавацца. Калі ж абаронцы супакоіліся, ён напаў на горад, захапіў і спустошыў яго, пасля чаго з вялікім палонам і дабром уцёк да Пскова. Праз колькі месяцаў ізноў ад Пскова маскоўцы рушылі на паўночную Беларусь, былі спаленыя Друя і Браслаў, мноства людзей забрана ў палон. У сваю чаргу па Северскай зямлі ўдарылі з Кіеўшчыны Астап Дашкевіч з кіеўскім ваяводам Андрэем Няміровічам і крымскім царэвічам Махмет-Гірэем (за ўдалыя дзеянні супраць маскоўскіх і крымскіх войскаў Дашкевіч быў празваны Ромулам і меў вялікую павагу дняпроўскіх казакаў).

У тым жа годзе з Вялікіх Лукаў маскоўскія ваяводы рабілі набегі на Полацак, а з усходу Б. Гарбаты, Д. Шчэня і В. Гадуноў хадзілі на Амсціслаў і Віцебск. Войскі Жыгімонта, адказваючы, уварваліся пад Вялікія Лукі: «Пасады Лук Вялікіх папалілі, а сустрэчы ім не было, вялікага князя ваяводы не паспелі».

З таго, што ў Крыме месца памерлага Менглі-Гірэя заняў варожа настроены да Масквы Махмет-Гірэй, спакою, як выявілася, не пабольшала. Дыпламаты Васіля ІІІ імкнуліся як найхутчэй зноў зрабіць Арду хаўруснікам. Татарскі хан Ахмат з Ачакава ўжо тады пісаў вялікаму князю маскоўскаму: «…вазьмі для мяне Кіеў, а я дапамагу табе заваяваць Вільню, Трокі і ўсю Літву». З 1515 года наезды крымскіх татараў зрабіліся штогадовыя. Улетку 1516 года рэйд 40-тысячнай конніцы Алп-Арслана нават сарваў наступальную акцыю Вялікага Княства Літоўскага супраць Маскоўскай дзяржавы. Тады пацярпела Палессе. Быў цалкам спалены Петрыкаў.

Пасля Венскага кангрэса сваю варожасць да Вільні і Кракава адкрыта выявіў нямецкі Ордэн. Ордэнскі пасол Д. Шонбэрг пабыў у Маскве ў 1515 і 1517 гадах, вынікам чаго сталася ваенная дамова дзвюх дзяржаваў супраць Кароны і Княства. Васіль ІІІ падахвочваў містра ўдарыць па Жыгімонце з захаду, а для ўтрымання найманай пяхоты абяцаў яму вялікія грошы. Затое імператар Максімільян па-ранейшаму намагаўся спыніць вайну. Напрыканцы 1516 года ён накіраваў у Вільню і Маскву пасольства барона Жыгімонта Гэрбэрштайна, якое, апроч таго што прывезла прынцэсу Бону, мела за мэту схіліць Васіля ІІІ да міру з вялікім князем літоўскім. Барон Гэрбэрштайн угаворваў маскоўскага ўладара «супакоіць Хрысціянства і ўласную зямлю, бо дзяржавы квітнеюць мірам, вайной — вымагаюцца», перасцерагаў ад небяспекі ўсім хрысціянам з боку туркаў. Аднак маскоўскі двор толькі выслухоўваў венскага пасла, а на справе мацаваў саюз з асманскай Портай. Так і не дамогшыся нічога ад Васіля ІІІ, Гэрбэрштайн мусіў пакінуць Маскву. «Мы ад'язджаем. Неба пакарае вінаватага ў праліванні крыві», — казалі віленскія паслы, што былі разам з ім, на развітанне.

Пад восень 1517 года наступальную аперацыю пачаў К. Астрожскі. Ягонае войска (айчыннае рушанне, колькі тысяч нанятых палякаў, чэхаў і мараваў) з Полацка пайшло на Пскоўшчыну, разбіваючы па дарозе маскоўскія залогі. Разам з Канстанцінам Іванавічам былі выпрабаваныя ў бітвах паплечнікі — Ю. Радзівіл і Я. Свярчоўскі. І ўсё ж не абышлося без непаразумення. Калі аблажылі Апочку, Свярчоўскі, не зважаючы на абарончыя магчымасці цвердзі (палякі ўвогуле пагардліва называлі Апочку «свіным хлявом»), дачасна і без згоды Астрожскага кінуў людзей на штурм умацаванняў. Войска панесла значныя і, галоўнае, зусім неапраўданыя страты. Пасля гэтага асобныя аддзелы адлучаліся ад Апочкі і хадзілі далей да Пскова — на Варонач, Красны Гарадок, Велле. Але неўзабаве на дапамогу апоцкаму гарнізону прыйшлі раці І.Ляцкага ды Ф. Абаленскага з Вялікіх Лукаў. А калі да Апочкі сталі рухацца і вялікія сілы маскоўскага войска на чале з А. Растоўскім, князь Астрожскі палічыў за лепшае не рызыкаваць. Зняўшы аблогу, ягоныя войскі накіраваліся да сваіх межаў.