Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 20

Геннадий Николаевич Саганович

Належна падрыхтаваныя войскі выйшлі на Смаленск пад лета. З Дарагабужа іх вялі вопытныя Д. Шчэня і М. Глінскі, а з Вялікіх Лукаў — І.Марозаў і В. Шуйскі. Апошніх Васіль ІІІ накіроўваў пасля пад Воршу, на Друцкія палі, каб блакаваць магчымую дапамогу Смаленску, а сам у ліпені 1514 года прывёў туды галоўныя сілы. Ізноў сабралася 80-тысячнае войска. Пачаўся няспынны абстрэл горада з 300 гарматаў. «…Ад гарматнага і пішчальнага груку і людскога крычання і ляманту, таксама і ад гарадскіх людзей супраціўнага бою гармат і пішчаляў зямля дрыжэла, і адзін другога не бачыў, не чуў, і ўвесь горад у полымі і куродыме ледзь не ўздымаўся», — адзначаў аўтар аднаго з маскоўскіх летапісаў.

Абаронцы папрасілі спыніць абстрэл і згадзіліся на перамовы. З маскоўскага боку іх вёў М. Глінскі, які хацеў любым коштам угаварыць смалянаў капітуляваць, бо Васіль ІІІ абяцаў аддаць гэты горад яму. І Глінскі зрабіў сваю справу. 31 ліпеня Смаленск на льготных умовах капітуляваў. Намеснік Юры Салагуб загадаў адчыніць галоўную браму… Яму і ягоным блізкім дазволілі выйсці з горада, а з залогі — каго паланілі і завезлі ў Маскву (камандныя чыны), каго за добрую плату ўзялі служыць сабе. Пэўна, іх меў на ўвазе імператарскі пасол, калі пісаў, што праз колькі гадоў бачыў у Маскве тысячы паўтары пяхоты з «ліцьвіноў і ўсялякай набрыдзі». А ўсіх жыхароў горада прывялі да прысягі на вернасць маскоўскаму ўладару.

Пасля капітуляцыі Смаленска маскоўскія ваяводы імкліва рухаліся ўглыбкі Беларусі. Васіль ІІІ спяшаўся скарыстаць грандыёзны поспех і захапіць як мага болей тэрыторыі да таго часу, як супраціўнік апамятаецца ды арганізуе абарону. Сапраўды, за Смаленскам здаліся Амсціслаў, Крычаў, Дуброўна…

Войска Вялікага Княства было ўжо на маршы. Жыгімонт сабраў ці не ўсіх, каго мог: блізу 15 тысяч конніцы паспалітага рушання, 14 тысяч найманых коннікаў з Польшчы ды 3 тысячы такой жа пяхоты. Да гэтага корпуса далучыліся таксама паасобныя ахвочыя паны з Вяліка- і Малапольшчы. У Менску быў праведзены генеральны агляд сілаў, і войска шпарка рушыла на Барысаў. Далей можна было сутыкнуцца з ворагам, таму сенатары ўгаварылі Жыгімонта застацца ў Барысаве. Гаспадар пакінуў пры сабе толькі 4 тысячы вершнікаў, астатніх павёў наперад Астрожскі.

Ужо 28 жніўня яго перадавыя роты некалькі разоў сутыкаліся з маскоўскімі аддзеламі. На Бярэзіне і Бабры яны лёгка пабілі супраціўніка і набралі «языкоў». Ваявода Іван Чэляднін вырашыў не распыляцца і знішчыць усе войскі Княства ў генеральнай бітве. Ён адышоў на ўсход у пошуках зручнага месца і сабраў свае палкі за Дняпром на беразе Крапіўны, што паміж Воршаю і Дуброўнаю. Тут зграмадзілася ўся сіла маскоўскага войска — каля 80 тысяч памеснай конніцы на чале з галоўнымі ваяводамі І.Чэлядніным і М. Булгакавым-Голіцам. Пастаўленыя ў традыцыйным баявым парадку, яны ўтваралі фронт шырынёю некалькі вёрстаў.

На берагах Дняпра і Крапіўны