Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 18

Геннадий Николаевич Саганович

Асабліва трывожны быў 1512 год. Наладзіўшы зноў сяброўскія дачыненні з вялікім князем маскоўскім, Менглі-Гірэй не без інспірацыі апошняга (а Масква рыхтавала вайну за Смаленск) выслаў на Валынь 25-тысячную арду на чале з трыма мурзамі.

Вялікі князь быў тады ў Кракаве, рыхтаваўся да шлюбу. Пачуўшы пра ўварванне татараў, ён накіраваў на іх кароннага гетмана М. Камянецкага з сваімі надворнымі харугвамі, войска падольскіх старастаў і, натуральна ж, гетмана найвышэйшага літоўскага з наяўнымі сіламі Княства. Роля галоўнага начальніка адводзілася К. Астрожскаму. Зважаючы на вялікую небяспеку, вальны сойм, які засядаў у Берасці, вырашыў надзяліць Канстанціна Іванавіча надзвычайнай уладай. У спецыяльнай «Ваеннай уставе» Жыгімонт, выпраўляючы Астрожскага на абарону Вялікага Княства Літоўскага, даў яму правы дыктатара: пакуль войска знаходзіцца ў полі, усе (князі, ваяводы, старасты, шляхта, зямяне ды іншыя) павінны слухацца гетмана, а за непаслушэнства Астрожскі вольны кожнага караць «горлам і вязеннем».

Перамога пад Вішняўцом

Злучыўшы змабілізаваныя войскі (а разам выйшла блізу 5 тысяч конніцы), Канстанцін Астрожскі павёў іх на татарскі лагер, выяўлены недалёка ад Вішняўца. Татары ведалі пра небяспеку і рыхтаваліся напасці першымі. Бітва адбылася 28 красавіка. Як толькі Астрожскі паставіў войска ў баявым парадку — на левым крыле пакінуў палякаў з іх гетманам, а на правым, бліжэй да татарскага лагера, размясціў сваіх, — татары наляцелі на яго з пранізлівым гіканнем і крыкам. Рассейваючыся ды адступаючы, яны спрабавалі завабіць рыцарскую конніцу ў поле, навязаць ёй сваю тактыку, пры якой менавіта іх флангавыя і тылавыя атакі звычайна вызначалі зыход бою.

Вершнікі Астрожскага мужна вытрымалі гэты націск, не ўцягваючыся ў бітву надта шырокім фронтам. Татары мусілі весці цяжкую барацьбу з іхнымі шчыльнымі шэрагамі. Тым часам польская конніца ўсё яшчэ не ўступала ў бой, і гетман Астрожскі звярнуўся да М. Камянецкага, каб і палякі атакавалі. Удар польскіх харугваў у фланг і франтальная атака войска Вялікага Княства, праведзеныя адначасова, скончыліся поўным разгромам 25-тысячнай татарскай арды. У захопленым лагеры пераможцы ўбачылі 16 тысяч вязняў, 10 тысяч коней, нарабаваныя багацці. А на полі бітвы і ў Гарыні, праз якую ўцякалі рэшткі разбітых загонаў, засталося каля 5 тысяч трупаў наезнікаў. Пасля гэтага тры гады крымскія татары не чапалі Вялікага Княства Літоўскага.

Таемны ліст Васіля ІІІ. Тры смаленскія кампаніі

Прыкладна тады ж была перахопленая перапіска маскоўскага манарха Васіля ІІІ з нямецкім Ордэнам, з якой стала вядома, што тыя даўно рыхтуюцца да вайны з Княствам. Выкрыты Васіль ІІІ увосень 1512 года накіраваў да Жыгімонта свайго пасла з «разметными грамотами», у якіх і абвяшчаў вайну. Мэтаю агрэсіі было авалодаць Смаленскам. Ужо 14 кастрычніка з усходу на Смаленск рушылі палкі І.Рэпніна-Абаленскага ды І.Чэлядніна, а з Вялікіх Лукаў павялі войска В. Адоеўскі з С. Курбскім. Яны мусілі толькі спаліць пасады Смаленска і, злучыўшыся, ісці на Воршу, Друцак. А 19 лістапада з Масквы на захад выйшлі галоўныя сілы на чале з Васілём ІІІ ды ваяводамі Д. Шчэнем, А. Растоўскім, І.Варатынскім ды іншымі. Шэсць тыдняў яны трымалі горад у аблозе, абстрэльвалі яго з гарматаў, штурмавалі, а раць І.Рэпніна тым часам пустошыла землі ажно да Менска і Віцебска. Так і не ўварваўшыся ў Смаленск, але страціўшы нямала жывой сілы (толькі за адзін штурм у студзені 1513 года загінула блізу 2 тысяч маскоўскіх ратнікаў), Васіль ІІІ адвёў свае войскі назад.