Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 19

Геннадий Николаевич Саганович

Але налета пачалася новая кампанія. Хаўруснік Масквы Максімільян І прыслаў для паходу «аддзел пяхоты, гарматы і некалькі італьянцаў, дасведчаных у аблозе замкаў», а М. Глінскі наняў у Сілезіі і Чэхіі райтараў. Ужо ў чэрвені на Смаленск рушылі войскі з Вялікіх Лукаў і Дарагабужа. Хоць смаленскі намеснік і разбіў раць І.Рэпніна, ваяводы зноў моцна заціснулі горад аблогай. А ў верасні сюды падышоў з дадатковымі сіламі і сам Васіль ІІІ ды полк В. Шуйскага, які вярнуўся з спусташальнага рэйду па Полаччыне. Разам пад Смаленскам зграмадзілася каля 80 тысяч войска, якое мела да дзвюх тысяч пішчаляў. Абстрэл і штурмы шкодзілі фартэцы, аднак абаронцы цёмначы аднаўлялі разбураныя ўмацаванні ды мужна адбіваліся. Пад Воршай жа Канстанцін Астрожскі з невялікай вайсковай сілай разбіў дапаможны корпус маскоўскіх ратнікаў, які рухаўся на Смаленск. І ў лістападзе Васіль ІІІ мусіў чарговы раз зняць безвыніковую аблогу, адклікаўшы таксама палкі М. Глінскага з-пад Віцебска і Полацка, якія захапілі «палону безліч, а горада не ўзялі ніводнага». А ўжо ў лютым 1514 года ў Маскве было прынятае рашэнне пра трэці смаленскі паход.

Адчуваючы, што ўсё толькі пачынаецца, гетман Астрожскі напісаў у лісце за 8 красавіка 1514 года: «Зразумела, што няма на гэтым свеце анічога больш пэўнага, чымся смерць; калі са мною з дапушчэння Спадара Бога здарыцца якая прыгода на службах гаспадарскіх альбо давядзецца сысці з гэтага свету, запісваю жонцы маёй княгіні Тацяне Сымонаўне вена 1000 коп грошай літоўскай манеты, на замку маім Тураве, і на ўсіх дварах, і на ўсіх сёлах… Будзе жонка мая княгіня Тацяна па маёй смерці на ўдовіным стальцы сядзець, дзеці нашыя ня могуць яе з таго маёнтку Турава рушыць да ейнай смерці…»

Узімку да вялікага князя маскоўскага прыехаў спецыяльны пасол ад Святой Рымскай імперыі. Стараннямі імператара Максімільяна ды Васіля ІІІ была ўтвораная ваенная кааліцыя эўрапейскіх дзяржаваў супраць Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Апрача Маскоўшчыны ды імперыі яе мелі скласці Данія, Брандэнбург, Саксонія, Валахія і Тэўтонскі ордэн. У Маскве хаўруснікі абмеркавалі нават праект падзелу Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага: пасля перамогі Максімільян прызнаваў права Масквы на беларускія ды ўкраінскія землі, а Васіль ІІІ — права імперыі на польскую тэрыторыю.