Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 21

Геннадий Николаевич Саганович

Гетман Астрожскі падышоў да Дняпра ўначы з 7 на 8 верасня і адразу пачаў перапраўляць войскі цераз раку. Для гэтага былі змайстраваныя пантонныя масты са звязаных, добра заканапачаных бочак. У іншых месцах скарысталі змацаваныя ланцугамі і вяроўкамі бёрны, накідалі гаці. Частка конніцы змагла перайсці Дняпро па бродзе ў вузкім месцы, недалёка ад Воршы.

Калі на левы бераг Дняпра пераправілася каля паловы войскаў К. Астрожскага, ваяводу І.Чэлядніну паведамілі пра гэта і прапанавалі скарыстаць момант: ударыць па гэтай частцы і знішчыць яе. Але той самаўпэўнена адказаў: «Калі мы разаб'ём гэтую частку войска, дык застанецца яшчэ другая, з якой, відаць, змогуць злучыцца іншыя войскі, так што нам будзе яшчэ пагражаць вялікая небяспека. Пачакаем, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што, несумнеўна, мы без асаблівых намаганняў зможам ці разбіць гэтае войска, ці атачыць яго ды гнаць, як быдла, да самай Масквы. Урэшце нам не застанецца анічога другога, як заняць усю Літву».

На досвітку 8 верасня ўся конніца, пяхота і артылерыя Астрожскага былі ўжо перад маскоўскімі палкамі. Гетман паспеў расставіць іх у патрэбным баявым парадку: на правым фланзе — харугвы конніцы Вялікага Княства пад камандаю князя Ю. Радзівіла, на левым — найманая польская конніца на чале з В. Сампалінскім і Я. Свярчоўскім, а паміж імі — роты пяхотнікаў з ручніцамі. Уся конніца размеркавалася на дзве лініі. Пад прыкрыццё пяхоты была пастаўленая частка гарматаў, астатнія пакінутыя ў засадзе, бліжэй да правага крыла.

Грымнулі бубны, затрубілі баявыя сурмы, і маскоўская конніца першай кінулася ў атаку. Войскі Астрожскага без цяжкасцяў адбілі яе. У бехцеры, без шышака, гетман гарцаваў наперадзе сваіх вершнікаў на даўганогім дрыкганце, насіўся, аддаючы кароткія загады, паміж харугвамі. Быццам выпрабоўваючы ворага, ён кінуў на маскоўскія палкі польскую кавалерыю з левага крыла. Чэляднін стрымаў іх націск ды зноў ударыў сваёй конніцай. Гэтак да самага поўдня супраціўнікі асцярожна абменьваліся франтальнымі атакамі, не ўводзячы ў бой галоўныя сілы. Затым маскоўскія ваяводы паспрабавалі паслаць полк у тыл Астрожскаму і адначасова націснуць на фланг, аднак Канстанцін Іванавіч разгадаў гэты небяспечны ход і абедзве атакі ворага сышлі намарна. Тады бітва дасягнула апагею.

Ускінуўшы булаву, гетман рашуча павёў у атаку ўсю конніцу Вялікага Княства. Хвіліны — і яна злёту цяжка ўрэзалася ў густыя шыхты маскоўскіх ратнікаў. Пачалася лютая сеча. Астрожскі ізноў быў наперадзе, заклікаючы да мужнасці сваіх вершнікаў. Раптам — замяшанне ў яго харугвах, незразумелыя крыкі… Націск адразу аслабнуў, а яшчэ праз які момант сам гетман… вяртаў войска назад. Рэха панесла радасны, пераможны крык тысяч маскоўскіх коннікаў — «Літва ўцякае!» Вялізнымі сіламі памкнуліся яны за харугвамі Астрожскага.

Калі пагоня на ўсёй хуткасці падляцела да лесу, гетман ускінуў булаву, за ім палкоўнікі ўзнялі свае буздыганы, і «ўцекачы» як па камандзе крута павярнулі ў бакі, а маскоўская конніца апынулася — о жах! — перад чорнымі пашчамі гарматаў… Трапныя залпы ва ўпор касілі ашаломленых ратнікаў, і тыя панічна кінуліся ўцякаць. Цяпер ужо харугвы Астрожскага, развярнуўшыся, спяшаліся наўздагон рассеянаму ворагу. Гэта быў поўны разгром усёй маскоўскай арміі.