Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 16

Геннадий Николаевич Саганович

Хоць Глінскі гарэў жаданнем вялікае бітвы і ўгаворваў не ўхіляцца ад яе маскоўскіх ваяводаў, тыя не падзялялі аптымістычных планаў князя. Для іх тактыкі было натуральным не рызыкаваць войскам у адкрытай палявой бітве, а весці вайну пад мурамі, здабываць замкі і пустошыць воласці. І калі 13 ліпеня да Воршы стала набліжацца 16-тысячнае злучэнне Вялікага Княства і Кароны, яны паспешліва пераправіліся на левы бераг Дняпра і размясціліся ў лесе. На правым беразе ў баявым парадку паасобна спыніліся войскі К. Астрожскага, які кіраваў сіламі Княства, і М.Фірлея, які вёў палякаў. У цэнтры была пастаўленая пяхота, па флангах — конніца. Атакаваць ворага збіраліся досвіткам. Аднак уначы маскоўскія ваяводы зняліся і хутка павялі свае палкі ў бок Дуброўны і далей на паўднёвы ўсход.

Назаўтра Жыгімонт вырашыў не даганяць непрыяцеля, а ісці з усёй сілай на Смаленск, накіраваўшы толькі маленькі аддзел для засцярогі па правым беразе Дняпра. З Смаленска К. Астрожскі разам з М.Фірлеем рушылі на Севершчыну — вяртаць адабраныя землі. Але асаблівага поспеху гэтая выправа ня мела, бо гетманы не ладзілі між сабою і неўзабаве вярнулі войска назад у Смаленск.

Тым не меней краіна была абароненая. Васіль ІІІ згаджаўся на канструктыўную размову з пасламі ад Княства. Ужо 8 кастрычніка 1508 года з'явілася новае мірнае пагадненне паміж Масквой і Вільняй.

Тым часам Глінскі, які ўсё яшчэ заставаўся ў Мазыры, наклікаў на краіну крымскіх наезнікаў. Татарская конніца наляцела нечакана і дайшла да Палесся. Гаспадарачы на левым беразе Прыпяці, татары, відаць, мелі непасрэдныя кантакты з князем-здраднікам.

Жыгімонт накіраваў на Палессе К. Астрожскага. Узяўшы некалькі тысяч конніцы, той выйшаў з Смаленска, зрабіў вялікі марш і каля Слуцка адразу ж разбіў галоўныя сілы крымскіх наезнікаў, а пасля за некалькі дзён даканаў іх у драбнейшых сутычках. Гетман рухаўся на Мазыр і быў ужо за нейкіх сем вёрстаў ад горада, калі Міхал Глінскі, ня ведаючы пра небяспеку, ад'язджаў са сваякамі ў Маскоўшчыну…

Так нядаўні маскоўскі вязень за некалькі месяцаў барацьбы стаўся галоўным героем той вайны. Вялікі князь яшчэ 6 верасня ў Смаленску адзначыў яго вайсковыя заслугі асобнай граматай, у якой за «адданую і праўдзівую і знакамітую накладную службу», за тое, што ён жыцця свайго не шкадаваў у змаганні з кожным непрыяцелем, падараваў гетману вёску Паворка на Валыні. Астрожскі атрымаў тады і вотчыну здрадніка — Тураў з акругай — ды іншыя землі.

Перамога, што ратавала Княства

Астрожскі сярод паноў-рады. Справы свецкія і царкоўныя

Нарэшце князь Канстанцін мог адпачыць ад войнаў, заняцца ўласнымі справамі. Адладзіў гаспадарку ў сваіх уладаннях, падправіў муры ў Астрогу ды іншых замках. У 1509 годзе ажаніўся з Тацянай Гальшанскай — дачкой новагародскага ваяводы князя Сымона Гальшанскага і сястрой віленскага кашталяна князя Аляксандра Гальшанскага. А брат Таццяны стаў віленскім біскупам. Род, з якім праз шлюб парадніўся Астрожскі, быў адным з найбуйнейшых у Княстве, але тады ўжо аджываў свае зорныя часы. Князь Аляксандар Гальшанскі праз два гады памёр, і гетман найвышэйшы стаўся яшчэ і кашталянам віленскім, заняўшы шваграву пасаду.