Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 14

Геннадий Николаевич Саганович

Ад зможанага вязня патрабавалі аднаго: падпісаць пісьмовую прысягу на вернасць Васілю ІІІ. А давалі яму за тое волю ў Маскоўшчыне, годнасць баярына, зямельныя ўладанні і галоўнае, дзеля чаго яго так доўга трымалі, - высокі вайсковы чын. Ён мусіў камандаваць асобнымі памежнымі сіламі, абараняць краіну ад татарскіх наездаў. Тэкст прысягі вымагаў рабскай пакоры і адданасці. «…Буду абавязаны служыць яму (Васілю ІІІ) і дзецям яго да смерці… Аніякага зла яму ці дзецям ягоным чыніць і нават думаць пра тое ня мушу… Калі ж супраць таго ўсяго ў нечым адступлюся… пакараць мяне вольны смерцю залежна ад маёй віны… і ня будзе мне літасці Божай ні ў гэты век, ні ў будучы», — чытаў Астрожскі. І паставіў 18 кастрычніка 1506 года свой подпіс пад гэтымі радкамі. А маскоўскі мітрапаліт пацвердзіў яго.

Праз колькі месяцаў паспяховай дзейнасці супраць татараў новы ваявода ўжо карыстаўся даверам у маскоўскага двара і мог самастойна адлучацца па справах.

Ці не гэтага чакаў ён усе шэсць змрочных гадоў?

Вяртанне абаронцы

У жніўні 1507 года Астрожскі выехаў на Севершчыну, каб нібыта пракантраляваць там пільнасць маскоўскіх залогаў. Адтуль, з татарскага памежжа, і пачаўся яго апошні кідок да волі. Далёка абыходзячы гарады, мінаючы людныя дарогі, ён безаглядна ўцякаў з краіны, якая драпежна абрынулася ды ўжо колькі гадоў паліла і нішчыла яго Айчыну. Ён уцякаў з краіны, якой не цярпеў, з якой мусіў і даўно прагнуў змагацца…

Пераапранутыя ў сялян, Астрожскі з ардынарцам супакоіліся, толькі ўбачыўшы старожу Вялікага Княства Літоўскага — вершнікаў у бліскучых шышаках, з адмысловымі тарчамі, даўгімі дзідамі і лёгкімі кордамі. А 25 верасня яны былі ўжо ў роднай Вільні…

«Любоў да Айчыны і нянавісць да Расеі прымусілі яго асароміць сябе ганебнай справай: ашукаць манарха, мітрапаліта, парушыць клятву, статут годнасці і сумлення…» — сурова напіша М. М. Карамзін. Аднак Айчына, любоў да яе — хіба ж гэта не найвышэйшы статут годнасці ды сумлення?

Вяртанне Канстанціна Астрожскага стала значнай для Княства падзеяй. Жыгімонт адразу вярнуў яму Брацлаўскае стараства. У дадатак князь атрымаў пасады старасты луцкага і маршалка валынскага. Ды ці не сама важным было вяртанне чына гетмана найвышэйшага, які ўжо праз месяц Жыгімонт забраў у Станіслава Кішкі і перадаў яму. Трэба было бараніць краіну. Другі таленавіты ваяр Міхал Глінскі не браў ніякага ўдзелу ў ваенных падзеях таго году. Наадварот, якраз праз яго дзяржава неўзабаве зноў апынулася ў небяспецы.

Бунт Глінскага

Князь Міхал Глінскі даводзіўся дзядзькам Канстанціну Іванавічу. Паводле слоў самога Менглі-Гірэя, гэта быў «першы малойца» на ўсё Вялікае Княства. Свае юначыя гады ён правёў у Нямеччыне, на вайсковай службе ў саксонскага герцага, дзе шмат чаму навучыўся і здабыў немалую славу. Вярнуўшыся на радзіму, карыстаўся асаблівай павагай і даверам вялікага князя Аляксандра ды займаў пры ім важныя дзяржаўныя пасады. Аднак трэба ж было такому здарыцца, што праз Глінскага трапіў у няміласць да манарха троцкі ваявода Ян Забярэзінскі і ў выніку нават страціў ваяводства! З таго часу Забярэзінскі ледзь стрымліваў нянавісць да маладога князя і дзе мог ціха шкодзіў яму. Калі ж не стала Аляксандра, ён абвінаваціў Глінскага ў дзяржаўнай здрадзе, а будучаму манарху Жыгімонту перадаў вестку, што герой бітвы пад Клецкам збіраецца сам заняць велікакняскі пасад. Абражаны Глінскі прасіў Жыгімонта разгледзець гэтую справу на судзе, зняць з яго абвінавачанні, а Забярэзінскага пакараць за паклёп, але той усё адкладваў судовы разбор. Тады самалюбівы князь узняў бунт помсты.