Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 15

Геннадий Николаевич Саганович

Здарылася гэта лютымі маразамі на самым пачатку 1508 года. Сабраўшы з родных і блізкіх войска ў 700 коннікаў, бунтоўны князь вырушыў са свайго Турава на расправу з Я. Забярэзінскім. Таго знайшлі ўжо 2 лютага ў маёнтку пад Горадняй і адсеклі яму галаву. Затым паспрабавалі ісці на Коўню, каб схапіць там важнага закладніка — Шах-Ахмета, аднак давялося вярнуцца. Міхал Глінскі пачаў рассылаць з Турава лісты па краіне з прапановай далучыцца да яго. Сюды ж, у ягоную рэзідэнцыю, неўзабаве прыехаў пасланец Масквы дзяк Г. Маклакоў. Глінскаму прапанавалі прыняць падданства Васіля ІІІ. Масква гарантавала, што аддасць у поўнае валоданне бунтаўніку ўсе гарады і воласці, якія мае і якія яшчэ здабудзе сілай. І Глінскі пайшоў на ўсё… Іронія лёсу: славуты герой Клецкае бітвы стаўся здраднікам Айчыны.

Хутка ягоныя людзі забралі Мазыр (яго здаў Глінскаму мазырскі намеснік), пайшлі на Слуцак ды сутыкнуліся там з рашучай абаронай. У Міхала Глінскага сталі з'яўляцца ня толькі маскоўскія людзі, але і паслы крымскія, малдаўскія. Планаваліся вялікія ваенныя дзеянні. Трэба было толькі дачакацца маскоўскага войска.

І ваяводы заспяшаліся. Ужо ў красавіку 1508 года на Смаленск павялі палкі Я. Захар'ін з Масквы і Д. Шчэня з Вялікіх Лукаў. Асобныя групоўкі ішлі на Полацак і Слуцак. А да Глінскага пад Бабруйск прывялі свае палкі князь В. Шамяціч і А. Мажайскі. На пачатку траўня яны разам пайшлі на Менск. Аблажыўшы горад, іх войска занялося рабаваннем і пусташэннем ваколіцаў Менска, хадзіла адтуль ажно да Слоніма.

Толькі тады дайшло да мабілізацыі сілаў на абарону краіны. Гетман Астрожскі першы сабраў вершнікаў і рушыў на свайго бунтоўнага дзядзьку. Ужо ў траўні ён заняў Тураў, гняздо паўстанцаў. У Лідзе збіралася шляхоцкае рушанне. Сюды праз Берасце ўжо спяшаўся з Кароны і Жыгімонт з 3-4-тысячным войскам палякаў. Калі сілы аб'ядналіся, кароль і вялікі князь прызначыў галоўным начальнікам над імі Канстанціна Астрожскага.

К. Астрожскі атрымаў прызначэнне 5 чэрвеня, а 20-га ўжо ўвайшоў у Менск: Глінскі з маскоўскімі памагатымі адступаў на ўсход. Па слядах непрыяцеля гетман павёў войска на Барысаў, дзе хаваўся ўцякач. Тады Глінскі перайшоў да Воршы, пад якой стаялі маскоўскія ваяводы. Цяпер іх злучаныя сілы налічвалі да 50 тысяч; разам яны спрабавалі як мага хутчэй захапіць стратэгічна размешчаную Воршу.