Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 12

Геннадий Николаевич Саганович

Што да самога К. Астрожскага, дык Масква і пасля замірэння 1503 года не збіралася яго выдаваць. У Вільні гетманам найвышэйшым прызначылі ўжо трэцяга пасля яго князя — Станіслава Кішку. Раней, адразу пасля Вядрошы, гэтую пасаду атрымаў Сымон Гальшанскі, а ў 1501–1502 гадах яе меў Станіслаў Кязгайла.

Бітва пад Клецкам

На аслабленую вайною ды стратаю такіх тэрыторый дзяржаву зноў актыўней пачалі нападаць крымскія татары. Іван ІІІ патрабаваў ад Менглі-Гірэя пустошыць не толькі землі Ўкраіны, але і хадзіць «да Слуцка, і да Турава, і да Пінска, і да Менска». У 1503 годзе татары двойчы рабілі наезды на Беларусь, а трэці паход скіравалі на Падолле. У 1505 годзе 5 тысяч татарскіх коннікаў дайшлі да цэнтральнай Беларусі, паставілі кош пад Менскам і беспакарана гаспадарылі па ўсім наваколлі…

Вялікае Княства Літоўскае ня мела належна арганізаванай рэгулярнай вайсковай сілы, якой баяліся б татары. Апошніх хіба больш за ўсё непакоіла з'яўленне ў Княстве хана разбітай Залатой Арды — Шах-Ахмета, патэнцыйнага канкурэнта Менглі-Гірэя.

Пасля таго як у лістападзе 1505 года памёр Іван ІІІ і яго замяніў старэйшы з сыноў Васіль ІІІ, былыя сяброўскія дачыненні Масквы з Крымам сапсаваліся, і Менглі-Гірэй паслаў у Вільню ганцоў, якія прапаноўвалі Аляксандру за смерць або выдачу хана антымаскоўскі хаўрус! Аляксандар пагадзіўся толькі з тым, што заволжскі хан Шах-Ахмет мусіць сядзець у няволі. Задаволены пасол паімчаўся ў Крым. Аднак ягоная затрымка выклікала новы наезд татараў.

Менглі-Гірэй накіраваў на Княства двух маладзейшых сыноў з ардою да 12–13 тысяч. Пераправіўшыся каля Лоева цераз Дняпро, тыя дайшлі да Слуцка, пасля да Клецка і адтуль рухаліся ў бок Новагародка ды Ліды. Магло дайсці да трагедыі, бо якраз тым часам у Ліду прыехаў з жонкаю, дваром і скарбам хворы кароль і вялікі князь Аляксандар. Даведаўшыся пра з'яўленне татараў гэтак блізка, той загадаў тэрмінова адвезці яго назад у Вільню. А збіраць войска і выбіваць татараў даручыў гетману найвышэйшаму Станіславу Кішку ды маршалку дворнаму Міхалу Глінскаму.

Кішка з Глінскім хутка сабралі 6 тысяч паспалітага рушання і пайшлі на Клецак, дзе знаходзіўся галоўны кош татараў. Па дарозе захварэў гетман, і каманду над войскам пры поўнай згодзе старэйшых чыноў пераняў Міхал Глінскі.