Читать «Карлік Нос» онлайн - страница 8
Вильгельм Гауф
З гэтымі словамі бацька мякка выштурхнуў яго з будкі, зачыніў за ім дзверы і зноў сеў за працу. А малы, вельмі засмучаны, пайшоў праз вуліцу да Урбана, цырульніка, якога ён добра ведаў яшчэ з былых часоў.
– Добрай раніцы, Урбан, – звярнуўся ён да таго, – будзьце ласкавы, дазвольце мне паглядзецца ў вашае люстэрка.
– Ды калі ласка, вунь яно стаіць, – са смехам усклікнуў цырульнік, а з ім гучна засмяяліся і яго кліенты, якім ён стрыг бароды.
– Вы сімпатычны хлапчук, стройны і вытанчаны, шыйка лебядзіная, ручкі каралевы і кірпаты носік, прыгажэйшага не знойдзеш. Таму і форс у вас ёсць, гэта праўда. Але глядзіцеся, колькі вам захочацца, нельга, каб пра мяне сказалі, што я ад зайздрасці не даў вам паглядзецца ў маё люстэрка.
Так прамовіў цырульнік, і цырульня напоўнілася рогатам, падобным да іржання. А малы тым часам падышоў да люстэрка і паглядзеўся. Слёзы выступілі ў яго на вачах. “Ну пэўна ж, у такім выглядзе ты, любая мамачка, не магла пазнаць свайго Якаба, – сказаў ён сам сабе. – Ён не так выглядаў у радасныя дні, калі ты ганарылася ім перад людзьмі!”
Яго вочы сталі маленькімі, як у свінні, яго нос быў жахлівы і навісаў над ротам і барадой, шыі, здавалася, зусім не было, бо яго галава тырчала, нібы ўрослая ў плечы, і ён толькі з найвялікшым болем мог паварочваць яе налева-направа. Ён быў таго ж росту, што і сем гадоў таму, калі яму было дванаццаць; але калі іншыя з дванаццаці да дваццаці растуць уверх, дык ён рос ушыркі – спіна і грудзі выпіралі і глядзеліся, як маленькі, але поўны пад завязку мех; гэта тоўстае тулава месцілася на маленькіх, слабых ножках, якія не адпавядалі гэтаму цяжару, затое рукі былі доўгія і звісалі паўз цела, іх даўжыня прызначалася высокаму чалавеку, яго ж далоні былі грубыя і рудавата-жоўтыя, яго пальцы – доўгія і падобныя да павукоў, а калі ён іх добра выпростваў, то мог даставаць да зямлі, не нахіляючыся. Так ён выглядаў, маларослы Якаб; ён ператварыўся ў выродлівага карліка.
Цяпер ён прыпомніў тую раніцу, калі старая кабета падышла да кошыкаў яго маці. Усё, што ён тады ганьбіў у ёй, – доўгі нос, агідныя пальцы, – усім яна ўзнагародзіла яго, і толькі доўгую дрыжачую шыю яна прыбрала зусім.
– Ну, ці нагледзеліся вы цяпер на сябе, мой прынц? – спытаў цырульнік, падышоўшы бліжэй і разглядаючы Якаба са смехам. – Сапраўды, такі смех і сасніць нават цяжка. Але я хачу зрабіць вам прапанову, малы. Хоць маёй цырульні і хапае наведнікаў, але апошнім часам іх не заўсёды столькі, колькі я жадаў бы. Рэч у тым, што мой сусед, цырульнік Шаўм, недзе здабыў сабе волата, які прываблівае кліентаў у яго дом. Ну, вырасці волатам – не фокус, але такі чалавечак, як вы, – гэта ўжо іншая справа. Паступайце да мяне на службу, маларослік, у вас будзе жытло, ежа, пітво, адзенне – усё ў вас будзе; а вы будзеце за гэта станавіцца кожную раніцу каля маіх дзвярэй і запрашаць людзей; вы будзеце ўзбіваць мыльную пену, падаваць кліенту ручнік, і будзьце ўпэўнены: нам абодвум ад гэтага будзе карысць: да мяне пойдзе больш кліентаў, чым да таго з волатам, а вам кожны ахвотна падасць яшчэ і на кішэнныя выдаткі.