Читать «Карлік Нос» онлайн - страница 9
Вильгельм Гауф
Малы ў душы быў абураны прапановай служыць прынадай для кліентаў цырульніка. Але ён цярпліва стрываў гэтую ганьбу. Ён вельмі спакойна сказаў цырульніку, што ў яго на такую службу няма часу, і пайшоў.
Калі злосная старая сапсавала яго выгляд, то з яго розумам яна зрабіць нічога не змагла, гэта ён добра адчуваў; бо цяпер ён думаў і адчуваў ужо не так, як сем гадоў таму, за гэты час ён, як яму здавалася, зрабіўся мудрэйшым і разумнейшым; ён сумаваў не па сваёй страчанай прыгажосці, не праз гэты брыдкі выгляд, а толькі таму, што родны бацька праганяе яго, як сабаку, за дзверы. Вось чаму ён вырашыў яшчэ раз паспрабаваць пагаварыць з маці.
Ён падышоў да яе на рынку і папрасіў спакойна выслухаць яго. Ён напомніў ёй пра той дзень, у які пайшоў са старой, напомніў ёй пра асобныя падзеі свайго дзяцінства, потым апавёў ёй, як на працягу сямі гадоў служыў вавёркай у феі, і як тая яго ператварыла ў карліка за тое, што ён ганьбіў яе тады, пры першай сустрэчы. Шаўчыха не ведала, што ёй і думаць. Усё, што ён расказваў пра сваё дзяцінства, супадала, але калі ён сказаў, што сем гадоў прабыў вавёркай, яна запярэчыла: “Гэта немагчыма, бо феяў – не бывае”, а калі яна пазірала на яго, у яе з’яўлялася агіда да брыдкага карліка, і яна не магла паверыць, што гэта яе сын. Нарэшце яна палічыла найлепшым пагаварыць пра гэта з мужам. Яна сабрала ўсе свае кошыкі і сказала яму ісці з ёй. І вось яны прыйшлі да будкі шаўца.
– Ты паглядзі, – сказала яна мужу, – гэты чалавек сцвярджае, што ён наш страчаны Якаб. Ён мне расказаў, як яго скралі сем гадоў таму і як ён быў зачараваны феяй.
– Вось як! – злосна перабіў яе шавец. – Ён табе так наплёў? Пачакай жа, ты, прайдзісвет! Я яму ўсё расказаў яшчэ гадзіну таму, а цяпер ён ідзе да цябе і дурыць! Ты быў зачараваны, сыночак? Пачакай жа, я цябе адчарую!
З гэтымі словамі ён узяў нарэзаны пук рамянёў, падскочыў да малога і пачаў лупцаваць яго па гарбатай спіне і доўгіх руках, так, што той закрычаў ад болю і ўцёк з плачам.
У тым горадзе, як і ўсюды, мала ёсць месцаў, дзе паспачуваюць і падтрымаюць няшчаснага, які да таго ж нечым выклікае смех. Вось чаму так атрымалася, што няшчасны карлік увесь дзень не еў, не піў, а вечарам вымушаны быў выбраць сабе для начлегу цвінтар, хоць ён і быў мулкі і халодны.
Калі ж наступнай раніцай яго разбудзілі першыя промні сонца, то ён пачаў сур’ёзна думаць, як жа яму жыць далей, калі бацька і маці адштурхнулі яго. Гонар не дазваляў яму служыць шыльдай цырульніка, ён не хацеў наймацца ў якасці блазана, каб людзі за грошы дзівіліся з яго; што ж было рабіць? Тут ён раптам прыпомніў, што ён, калі быў вавёркай, дамогся вялікіх поспехаў у кулінарыі. І тут з’явілася ў яго – і небеспадстаўна – перакананне, што ён можа ўцерці нос любому кухару. Ён вырашыў выкарыстаць сваё ўменне.