Читать «Карлік Нос» онлайн - страница 6
Вильгельм Гауф
– Я ўжо табе сказала, ідзі куды ішоў! – злосна адказала фраў Ганна. – У мяне ты нічога не заробіш сваім фіглярствам, агідны вырадак.
“Дапраўды, Бог замуціў ёй розум! – заклапочана падумаў малы. – Што ж мне цяпер рабіць, як завесці яе дадому?”
– Любая мамачка, апамятайся, – сказаў ён. – Паглядзі на мяне як след: я ж твой сын, твой Якаб.
– Не, гэта ўжо занадта бессаромны жарт! – крыкнула Ганна сваёй суседцы. – Толькі гляньце на гэтага агіднага карліка, вось ён стаіць тут, разганяе ўсіх пакупнікоў ды яшчэ адважваецца смяяцца з майго няшчасця. Кажа мне: я ж твой сын, твой Якаб. Нягоднік!
Тут суседкі паўставалі са сваіх месцаў і пачалі сварыцца, злосна, як толькі маглі, – а рыначныя гандляркі гэта добра ўмеюць – і лаялі яго, што ён насміхаецца з няшчасця беднай Ганны, у якой сем гадоў таму скралі прыгожага, як карцінка, хлопчыка. Жанчыны прыгразілі яму разам накінуцца і падрапаць яго, калі ён зараз жа не пойдзе адсюль.
Бедны Якаб не ведаў, што яму думаць. Ён жа, як яму ўяўлялася, сёння раніцай, як звычайна, пайшоў з маці на рынак, дапамог ёй раскласці тавар, пасля гэтага прыйшоў са старой кабетай у яе дом, з’еў смачны супчык, крышку паспаў, а цяпер зноў вярнуўся. А маці і суседкі чамусьці гаварылі пра сем гадоў! І яны называлі яго агідным карлікам! Дык што ж з ім адбылося?
Калі ён убачыў, што маці нічога не хоча слухаць, у яго на вачах выступілі слёзы, і ён у засмучэнні пайшоў уніз па вуліцы да будкі, дзе яго бацька займаўся шавецкай справай. “Цікава, думаў ён – бацька таксама не захоча прызнаць мяне? Я стану пад дзвярыма і паразмаўляю з ім”.
Падышоўшы да будкі шаўца, ён стаў каля дзвярэй і зазірнуў усярэдзіну. Майстра так быў заняты сваёй працай, што не ўбачыў яго. Калі ж ён выпадкова кінуў позірк на дзверы, туфлі, дратва і шыла вываліся ў яго з рук на зямлю, і ён крыкнуў у адчаі:
– Божа мой, што гэта, што гэта?!
– Добры вечар, майстра, – загаварыў малы, зайшоўшы нарэшце ў будку, – як вашыя справы?
– Дрэнна, дрэнна, малады пане! – адказаў бацька на вялікае здзіўленне Якаба, бо, здавалася, таксама яго не пазнаў. – Мая справа зусім не ідзе на лад. Цяпер я адзін і ўжо старэю, а трымаць падручнага мне не па кішэні.
– А ці няма ў вас сынка, які мог бы дапамагаць вам у працы? – працягваў дапытвацца малы.
– Быў у мяне быў сынок, яго звалі Якаб, і цяпер ён быў бы стройным, спрытным дваццацігадовым хлапцом, які мог бы спраўна дапамагаць мне. Ха! Вось было б жыццё! Яшчэ калі яму было дванаццаць, ён быў кемлівым і спрытным і ўжо тое-сёе разумеў у рамястве, акрамя таго, ён быў сімпатычны і прыемны. Ён бы прывабліваў мне кліентаў, так што я неўзабаве больш не латаў бы, а шыў бы толькі новае! Але так ужо ўладкаваны свет!..
– А дзе ж ваш сын? – спытаў дыготкім голасам Якаб.
– Бог ведае, – адказаў бацька. – Сем гадоў таму, так, сем гадоў ужо, як яго скралі ў нас на рынку.
– Сем гадоў? – з жахам усклікнуў Якаб.
– Так, панок, сем гадоў. Я памятаю яшчэ, як сёння, як мая жонка прыйшла дадому, з плачам і крыкам, што дзень прайшоў, а дзіця не вярнулася, яна ўсюды распытвала і шукала і не знайшла яго. Я заўсёды думаў і казаў, што так атрымаецца: Якаб быў прыгожы хлопчык, гэта трэба падкрэсліць, таму мая жонка заўсёды ганарылася ім, і ёй падабалася, калі людзі хвалілі яго, і пасылала яго часта з гароднінай ці чым яшчэ ў знатныя дамы. І гэта было правільна: яго заўсёды шчодра абдорвалі. Але я казаў: “Прыглядай за Якабам! Горад вялікі, у ім жыве шмат благіх людзей, прыглядай жа за Якабам!” Так і здарылася, як я казаў. Прыходзіць аднойчы на рынак старая, агідная баба, таргуе садавіну і гародніну і нарэшце купляе столькі, колькі сама данесці не можа. Мая жонка, добрая душа, пасылае з ёй хлочыка і... з таго часу мы больш яго не бачылі.