Читать «Карлік Нос» онлайн - страница 10

Вильгельм Гауф

Як толькі вуліцы ажывіліся і канчаткова наступіў ранак, ён зайшоў найперш у царкву і памаліўся там. Затым ён выправіўся ў дарогу. Герцаг, уладар краю, быў вядомы гуляка і ласун, які любіў багаты стол і вышукваў сабе кухараў у розных краінах свету. Да яго палаца і падаўся малы.

Калі ён падышоў да варотаў, брамнікі спыталі, чаго ён хоча, і пацешыліся з яго; але ён запатрабаваў сустрэчы з галоўным кухарам. Яны засмяяліся і павялі яго праз пярэднія двары, і ўсюды, дзе ён з’яўляўся, слугі спынялі свой занятак, разглядалі яго, гучна смяяліся і далучаліся да астатніх, так што паступова ўверх па лесвіцы палаца рухалася незвычайнае шэсце служкаў розных відаў; конюхі кідалі свае скрабніцы, пасыльныя бегалі, колькі было сілы, рассцілальнікі дываноў забываліся выбіваць дываны, усе тоўпіліся і збягаліся, утварыўся натоўп, быццам вораг стаяў перад варотамі. Крык “Карлік, карлік! Вы бачылі карліка?” стаяў у паветры.

Тут у дзвярах з’явіўся наглядчык палаца са злосным тварам, з жудасным бізуном у руцэ.

– Святы Божа! Чаго вы тут узнялі вэрхал, вы, сабакі? Ці вы не ведаеце, што пан яшчэ спіць?

Ён замахаў плёткай і ўдарыў ёй па спінах некаторых конюхаў і вартаўнікоў.

– О, пане! – усклікнулі яны, – паглядзіце, мы прывялі карліка, карліка, якога вы яшчэ ў жыцці не бачылі.

Наглядчык палаца з цяжкасцю стрымаўся, каб не зарагатаць, калі ўбачыў малога; ён баяўся смехам пашкодзіць сваёй годнасці. Таму ён бізуном прагнаў усіх, завёў малога ў дом і спытаўся, чаго той хоча. Калі ён пачуў, што той хоча трапіць да кухара, то адказаў:

– Ты памыляешся, сынок! Ты хочаш трапіць да мяне, наглядчыка дома. Ты хочаш быць асабістым карлікам у герцага, так?

– Не, пане! адказаў карлік. – Я выдатны кухар і маю досвед у прыгатаванні ўсялякіх рэдкіх страваў. Адвядзіце мяне, калі ласка, да галоўнага кухара, магчыма, яму спатрэбіцца маё ўмельства.

– Як пажадаеш, хлопча. Між іншым, ты ўсё ж неабачлівы дзяцюк. Ты хочаш на кухню? У якасці прыдворнага карліка ў цябе не было б ніякай працы, а ежы і пітва – хоць заліся, і прыгожае адзенне. Што ж, паглядзім. Тваё кухарскае ўмельства, пэўна ж, не таго ўзроўню, які патрабуецца, каб быць асабістым кухарам уладара, а кухціка ты перарос.

З гэтымі словамі наглядчык дома ўзяў яго за руку і завёў ў пакоі галоўнага кухара.

– Літасцівы пан, – загаварыў карлік і пакланіўся так нізка, што носам аж дакрануўся да дывана на падлозе, – ці не патрэбны вам умелы кухар?

Галоўны кухар агледзеў яго з галавы да ног, потым зарагатаў і крыкнуў:

– Што? Ты – кухар? Ты думаеш, што нашы пліты такія нізкія, што ты можаш паглядзець на адну з іх, калі станеш на дыбачкі і як след выцягнеш галаву з плячэй? О, мілы маляўка! Той, хто паслаў цябе да мяне наймацца кухарам, проста пакпіў з цябе.

Так сказаў галоўны кухар і весела засмяяўся, а з ім засмяяліся наглядчык палаца і ўсе слугі, якія былі ў пакоі.

Але карлік не даў збіць сябе з панталыку.

– Не пашкадуйце яйка ці двух, крышку сіропу і віна, мукі і прыправы. У вас жа ўсяго гэтага хапае, – прамовіў ён. – Дайце мне прыгатаваць найсмачнейшую страву, выдзеліце мне патрэбнае, яна будзе прыгатаваная на вашых вачах, і тады вы скажаце: ён сапраўдны кухар.