Читать «Майстар i Маргарыта» онлайн - страница 5

Михаил Афанасьевич Булгаков

- Доказ Канта, - тонка ўсмiхнуўся i запярэчыў рэдактар, - таксама пераканаўчы. I недарэмна Шылер гаварыў, што кантаўскiя развагi пра гэтае пытанне могуць задаволiць толькi рабоў, а Штраўс проста смяяўся з гэтага доказу.

Берлiёз гаварыў, а сам думаў: "Але ўсё ж хто ён такi? I чаму гэтак добра гаворыць па-расейску?"

- Узяць бы гэтага Канта, ды за такiя доказы на тры гады на Салаўкi! зусiм нечакана бабахнуў Iван Мiкалаевiч.

- Iван! - збянтэжана шапнуў Берлiёз.

Але прапанова адправiць Канта на Салаўкi не толькi не збянтэжыла чужаземца, але выклiкала ў яго захапленне.

- Вось правiльна, правiльна, - i левае зялёнае яго вока, якое глядзела на Берлiёза, загарэлася, - яму толькi там i месца! Гаварыў я яму, калi мы разам снедалi: "Вы, прафесар, вядома, воля ваша, але не надта складна прыдумалi! Яно, можа, i разумна, але ж вельмi незразумела. З вас смяяцца будуць".

Берлiёз вылупiў вочы. "У час снедання.., Канту?.. Што ён вярзе?" - падумаў ён.

- Але, - працягваў чужаземец, якога не бянтэжыла Берлiёзава здзiўленне i якi звяртаўся да паэта, - адправiць яго на Салаўкi немагчыма, таму што ўжо сто гадоў з гакам знаходзiцца ў мясцiнах яшчэ болей далёкiх, чым Салаўкi, i дастаць яго адтуль нiякiм чынам, запэўнiваю вас, нельга!

- Шкада! - адазваўся задзiрака-паэт.

- I мне шкада! - пацвердзiў чужаземец, блiснуў вокам i працягваў: - Але вось якое пытанне мяне турбуе: калi няма бога, то, пытаюся, хто ж кiруе жыццём чалавечым i ўсiм наогул распарадкам на зямлi?

- Сам чалавек i кiруе, - паспяшаўся сярдзiта адказаць Бяздомны на гэтае, прызнацца, не зусiм зразумелае пытанне.

- Выбачайце, - мякка абазваўся незнаёмец, - на тое, каб кiраваць, трэба як-нiяк мець дакладны план на нейкi даволi прыстойны тэрмiн. Дазвольце ж запытацца ў вас, як можа кiраваць чалавек, калi ён пазбаўлены магчымасцi не толькi складаць якi-небудзь план на нейкi да смешнага кароткi тэрмiн, ну, скажам, гадоў на тысячу, але не можа ручацца нават за свой заўтрашнi дзень? I сапраўды, - тут незнаёмы звярнуўся да Берлiёза: - Уявiце, што вы, напрыклад, пачняце кiраваць, распараджацца i iншымi, i сабою самiм, наогул, пачняце толькi смак адчуваць, i раптам у вас... кхэ... кхэ... саркома лёгкага... - тут чужаземец салодка ўсмiхнуўся, быццам думка пра саркому лёгкiх прыносiла яму задавальненне, - ага, саркома, - ён прыплюшчыўся, як кот, паўтарыў гучнае слова, - i вось ваша кiраўнiцтва i скончылася! Нiчый лёс, акрамя вашага ўласнага, вас болей не цiкавiць. Родныя пачынаюць хлусiць, вы адчуваеце, што нешта не тое, нядобрае, кiдаецеся да вучоных-дактароў, потым да прайдзiсветаў, а здараецца, да варажбiтак. I першае, таксама другое i трэцяе рабiць не мае нiякага сэнсу, вы самi гэта разумееце. I ўсё канчаецца трагiчна: той, хто яшчэ нядаўна думаў, што ён нечым кiруе, апынаецца раптам у драўлянай скрынцы, ляжыць нерухома, i ўсе навокал разумеюць, што цяпер ад яго нiякай карысцi, спальваюць яго ў печы. А здараецца i горш: толькi чалавек збiраецца з'ездзiць у Кiславодск, - тут чужаземец прыплюшчана паглядзеў на Берлiёза, - звычайная, здавалася б, справа, але i гэтага зрабiць не можа, таму што невядома чаму раптам паслiзнуўся i трапiў пад трамвай! Няўжо вы скажаце пасля гэтага, што ён сам сабою гэтак кiраваў? Цi не правiльней думаць, што кiраваў iм нехта iншы? i тут раптам незнаёмы засмяяўся дзiўным смяшком.