Читать «Майстар i Маргарыта» онлайн - страница 4

Михаил Афанасьевич Булгаков

"Не, хутчэй за ўсё француз..." - падумаў Берлiёз.

"Паляк", - падумаў Бяздомны.

Неабходна дадаць, што паэту чужаземец адразу ж здаўся непрыемным, а Берлiёзу хутчэй за ўсё спадабаўся, ну, не зусiм каб спадабаўся, як бы гэта сказаць... заiнтрыгаваў, цi што.

- Дазвольце, я прысяду? - ветлiва папрасiў чужаземец, i сябры неяк мiжволi вызвалiлi мiж сабой месца; чужаземец спрытна сеў памiж iмi i адразу ж уключыўся ў гаворку.

- Калi я правiльна пачуў, вы сказалi, што Iсуса не было на свеце? - спытаў чужаземец i зiрнуў на Берлiёза сваiм левым зялёным вокам.

- Вы правiльна пачулi, - ветлiва адказаў Берлiёз, - якраз гэтак я i гаварыў.

- Вой, як цiкава! - усклiкнуў чужаземец.

"А якога д'ябла яму ад нас трэба?" - падумаў Бяздомны i насупiўся.

- А вы згодны з вашым субяседнiкам? - пацiкавiўся незнаёмы, павярнуўшыся ўправа да Бяздомнага.

- На ўсе сто! - пацвердзiў той, бо любiў гаварыць з выкрунтасамi i фiгуральна.

- Цудоўна! - усклiкнуў няпрошаны субяседнiк, чамусьцi як злодзей азiрнуўся i прыцiшаным голасам сказаў: - Даруйце мне за настырнасць, але я зразумеў, што вы, акрамя ўсяго, i ў бога не верыце? - ён зрабiў спалоханыя вочы i дадаў: Клянуся, я нiкому не скажу.

- Але, мы не верым у бога, - паблажлiва ўсмiхнуўся з перапалоху турыста Берлiёз, - пра гэта можна гаварыць зусiм адкрыта.

Чужаземец адкiнуўся да спiнкi i спытаўся, нават аж вiскнуўшы ад цiкаўнасцi:

- Вы - атэiсты?!

- Але, мы - атэiсты, - з усмешкаю адказаў Берлiёз, а Бяздомны падумаў раззлавана: "Во прычапiўся, гусак замежны!"

- Вой, якое цуда! - ускрыкнуў дзiўны чужаземец i пакруцiў галавою, гледзячы то на аднаго, то на другога лiтаратара.

- У нашай краiне атэiзм не дзiва, - з дыпламатычнай ветлiвасцю адказаў Берлiёз, - большасць нашага насельнiцтва свядома i даўно перастала верыць у казкi пра бога.

Тут чужаземец утварыў гэтакi фокус: устаў, пацiснуў здзiўленаму рэдактару руку i прамовiў наступнае:

- Дазвольце падзякаваць вам ад усяго сэрца!

- За што вы дзякуеце? - заплюскаўшы вачыма, спытаў Бяздомны.

- За вельмi важныя звесткi. Яны мне, як падарожнiку, надзвычай цiкавыя, шматзначна падняўшы палец, растлумачыў замежны дзiвак.

Важныя звесткi, вiдаць, сапраўды зрабiлi на падарожнiка моцнае ўражанне, таму што ён спалохана правёў позiркам па дамах, нiбы баяўся ў кожным доме ўбачыць атэiста.

"Не, ён не ангелец..." - падумаў Берлiёз, а Бяздомны падумаў: "Дзе гэта ён насабачыўся гаварыць па-расейску, вось што цiкава!" - i зноў насупiўся.

- Але, дазвольце спытацца ў вас, - пасля трывожнага роздуму загаварыў замежны госць, - ну, а як быць з доказамi iснавання бога, якiх, як вядома, iснуе роўна пяць?

- На жаль, - спачувальна адказаў Берлiёз, - нiводны з гэтых доказаў нiчога не варты, i чалавецтва даўно спiсала iх у архiў. Згадзiцеся, што ў разумовай сферы нiякага доказу iснавання бога быць не можа.

- Брава, - ускрыкнуў чужаземец, - брава! Вы цалкам паўтарылi думку неспакойнага старога Iмануiла на гэты конт. Але вось кур'ёз: ён ушчэнт знiшчыў усе пяць доказаў, а потым, быццам на здзек з самога сябе, стварыў уласны шосты доказ!