Читать «Майстар i Маргарыта» онлайн - страница 7

Михаил Афанасьевич Булгаков

- Не, гэтага не будзе, - цвёрда запярэчыў чужаземец.

- Гэта чаму?

- Таму, - адказаў чужаземец i прыплюшчанымi вачыма паглядзеў на неба, у якiм у прадчуваннi вячэрняй прахалоды нячутна кружылi чорныя птушкi, - што Анечка ўжо купiла алей, i не толькi купiла, але нават i разлiла. Такiм чынам паседжанне не адбудзецца.

Тут, як зразумела, пад лiпамi запанавала маўчанне.

- Даруйце, - пасля маўчання загаварыў Берлiёз, гледзячы на чужаземца, якi плёў абы-што, - пры чым тут алей, i якая Анечка?

- Алей тут вось пры чым, - раптам загаварыў Бяздомны, якi, вiдаць, вырашыў аб'явiць няпрошанаму субяседнiку вайну, - вам не даводзiлася, грамадзянiн, бываць у псiхбальнiцы?

- Iван!.. - цiха ўскрыкнуў Мiхаiл Аляксандравiч.

Але чужаземец не пакрыўдзiўся i нават весела засмяяўся.

- Быў, быў i неаднойчы! - ускрыкнуў ён смяшлiва, але не адводзiў сваiх вачэй, якiя не смяялiся, ад паэта. - Дзе толькi я не быў! Шкада толькi, што мне не хапiла часу распытацца ў прафесара, што гэта такое шызафрэнiя. Дык вы ўжо самi даведайцеся ў яго, Iван Мiкалаевiч!

- Адкуль вы ведаеце, як мяне завуць?

- Злiтуйцеся, Iван Мiкалаевiч, хто ж вас не ведае? - тут чужаземец выцягнуў з кiшэнi нумар "Лiтаратурнай газеты", i Iван Мiкалаевiч убачыў на першай паласе свой фотаздымак, а пад iм i ўласныя вершы. Але гэты доказ славы i вядомасцi, якi толькi яшчэ ўчора парадаваў бы, зараз радасцi не прынёс.

- Выбачайце, - сказаў ён i пацямнеў з твару, - вы не можаце пачакаць хвiлiнку? Мне трэба таварышу сказаць два словы.

- Ну, з задавальненнем! - усклiкнуў незнаёмы. - Тут гэтак добра пад лiпамi, а я, дарэчы, нiкуды не спяшаюся.

- Вось што, Мiша, - зашаптаў паэт, калi адвёў Берлiёза ўбок, - гэта нiякi не iнтурыст, а шпiён. Гэта расейскi эмiгрант, якi прабраўся да нас. Патрабуй у яго дакументы, а то ўцячэ...

- Ты думаеш? - устрывожана шапнуў Берлiёз, а сам падумаў: "А яго ж праўда!"

- Ты мне вер, - зашыпеў яму ў вуха паэт, - дурнем прытвараецца, каб выведаць нешта. Ты чуеш, як ён па-расейску шпарыць? - паэт гаварыў i сачыў, каб незнаёмы не ўцёк. - Пайшлi, затрымаем яго, а то ўцячэ...

I паэт за руку пацягнуў Берлiёза да лаўкi. Незнаёмы ўжо не сядзеў, а стаяў ля яе, трымаў у руках нейкую кнiжачку ў цёмна-шэрым пераплёце, капэрту са шчыльнае, добрага гатунку, паперы i вiзiтоўку.

- Прабачце мне, што я за спрэчкаю забыўся назвацца. Вось вам картачка, пашпарт i запрашэнне прыехаць у Маскву на кансультацыi, - важка прамовiў незнаёмы i ўважлiва паглядзеў на абодвух лiтаратараў.

Тыя збянтэжылiся. "Д'ябал, усё пачуў..." - падумаў Берлiёз i ветлiвым жэстам даў зразумець, што ў паказе дакументаў патрэбы няма. Пакуль чужаземец соваў iх рэдактару, паэт успеў разгледзець на картачцы надрукаванае замежнымi лiтарамi слова "прафесар" i першую лiтару прозвiшча - двайное "В".

- Вельмi прыемна, - тым часам збянтэжана мармытаў рэдактар, а чужаземец схаваў дакументы ў кiшэню.

Адносiны такiм чынам былi адноўлены, i ўсе ўтрох зноў селi на лаўку.

- Вы ў якасцi кансультанта запрошаны да нас, прафесар? - спытаўся Берлiёз.