Читать «Вусцішны пакой» онлайн - страница 4
Артур Конан Дойль
Гэта была цяжкая барацьба, але ён урэшце перамог.
– Мілая, ты павінная выбраць аднаго з нас, – сказаў ён. – Калі ты сапраўды ўпэўненая – разумееш, упэўненая, – што будзеш шчаслівая замужам за Кэмпбэлам, я не буду вам перашкаджаць.
– Развод?! – захлынулася яна паветрам.
Яго рука адкрыла бутэлечку з атрутай. “Можаш называць гэта так,” – сказаў ён.
Новае дзіўнае святло бліснула ў яе вачах, калі яна зірнула на яго. Перад ёй быў зусім незнаёмы чалавек. Нячулы, практычны амерыканец знік. Здавалася, вакол яго мігцеў арэол героя, святога, чалавека, які змог падняцца да нябесных вышыняў бескарыслівай дабрадзейнасці. Яе рукі абвілі ягоную руку, што трымала пагібельную пляшачку.
– Арчы, – плакала яна, – ты можаш дараваць мне нават такое?!
– Урэшце, ты ўсяго толькі капрызнае дзіцятка! – усміхнуўся ён.
Яна хацела абняць яго, але ў дзверы пагрукалі, і ўвайшла пакаёўка – у той дзіўнай бязгучнай манеры, у якой усё рухалася ў гэтым вусцішным пакоі. На падносе ляжала картка. Яна зірнула туды.
– Капітан Кэмпбэл! Я не хачу яго бачыць.
Мэйсан ускочыў.
– Наадварот, мы яго вельмі чакаем. Зараз жа запрасіце яго сюды.
Праз некалькі хвілін у пакой увайшоў высокі загарэлы малады салдат. Усмешка ззяла ва ўсіх яго прыгожых рысах, але калі за ім зачыніліся дзверы і на твары Мэйсанаў вярнуўся іх звычайны выраз, ён нерашуча спыніўся, пазіраючы то на аднаго, то на другога.
– Што здарылася? – спытаў ён.
Мэйсан устаў насустрач і паклаў руку яму на плячо.
– Я не хаваю крыўды, – сказаў ён.
– Крыўды?
– Так, я ўсё ведаю. Але я сам, магчыма, зрабіў бы тое самае на тваім месцы.
Кэмпбэл адхіснуўся і запытальна зірнуў на жанчыну. Яна кіўнула і паціснула сваімі гожымі плячыма. Мэйсан усміхаўся.
– Не думай, што гэта пастка, каб выбіць прызнанне. У нас была шчырая гутарка з гэтай нагоды. Джэк, ты заўжды быў сумленным чалавекам. Вось бутэлечка. Не думай пра тое, адкуль яна ўзялася. Калі адзін з нас вып’е з яе, гэта выправіць сітуацыю, – ён гаварыў жорстка, амаль раз’юшана. – Люсіль, хто гэта будзе?
Нейкая дзіўная сіла дзейнічала ў гэтым вусцішным пакоі. Тут быў яшчэ трэці мужчына, хоць ніхто з гэтых траіх, што стаялі тут на пераломе сваёй жыццёвай драмы, не зважаў на яго. Як доўга ён тут быў і колькі ўсяго ён чуў – гэтага ніхто не мог сказаць. Ён змяюкай скурчыўся ў дальнім куце каля сцяны, ледзьве рухаючыся, моўчкі нервова патузваючы правай рукой, сціснутай у кулак. Ён быў схаваны ад поглядаў квадратнай скрыняй са спрытна накінутым на яе кавалкам матэрыі. Ён засяроджана і пільна сачыў за кожнай новай рэплікай у гэтай драме. І раптам прыйшоў час для яго ўмяшання. Але тыя трое мала думалі пра гэта. Уцягнутыя ў гульню сваіх эмоцый, яны забыліся на сілу, мацнейшую за іх, – сілу, гатовую ў любы момант выйсці на сцэну.